Сёмы iPhone у Беларусі каштуе як 118 мяхоў бульбы

Сёмы iPhone у Беларусі каштуе як 118 мяхоў бульбы

Новы iPhone 7 афіцыйна пачалі прадаваць у Беларусі ў пятніцу 28 кастрычніка. У крамах, якія маюць тавар пад ліцэнзіяй Apple, смартфон на 32 гігабайты памяці каштуе 1020 долараў. Гэта 118 мяхоў добрай беларускай бульбы па 40 кілаграмаў.

Калі б новы iPhone набываўся ў Расіі, засталіся б грошы на 14 мяхоў бульбы, а калі яго прывезці з ЗША, то хопіць яшчэ на 43 мяхі.

Чаму ў небагатых беларусаў навінка каштуе так шмат?

Як даведалася Еўрарадыё, Аpple сама ставіць цэннік для рэгіёнаў. “На што абапіраецца кампанія, мы сказаць не можам”, — так адказваюць у афіцыйнай краме, якая прадае брэндавую прадукцыю у Мінску.

Прадаваць смартфоны Apple рэалізатарам ў Беларусі можа толькі адна кампанія, у кошт укладваецца транспарціроўка, інтарэс для кампаніі і мясцовыя падаткі. То бок рынак Расіі можа быць цікавейшы за рынак Беларусі, таму каштуе новы смартфон там менш.

Украіна мае таго ж афіцыйнага дыстрыб’ютара iPhone, што і Беларусь. Але кошты там ніжэйшыя — 920 долараў за новы смартфон на 32 гігабайты памяці.

“Кошты на пэўны рэгіён ставіць сама кампанія Apple, а далей дадаюцца мясцовыя падаткі”, — адказваюць у кампаніі, якая афіцыйна ўвозіць Айфоны ва Украіну.

Самы танны новы смартфон ад сусветна вядомага брэнда знаходзім у Мінску за 946 долараў. Яго прадавец не мае ліцэнзіі ад кампаніі, а проста завозіць тэлефон з ЕС.

Шосты iPhone з’явіўся ў Беларусі ў чэрвені 2015 года і каштаваў як 47 мяхоў бульбы, па тым часе.

Яшчэ больш раннюю, пятую мадэль пачалі прадаваць у Мінску нелегальна (тады яшчэ не было афіцыйнай крамы) у верасні 2012. Каштаваў ён, як 105 мяхоў бульбы на гэты час.

А ў бульбе айфон каштуе ўсё больш!

Сёмы iPhone у Беларусі каштуе як 118 мяхоў бульбы

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі