Сёння нарадзіўся самы малады беларус у свеце
Хлопчык, якога назвалі Джэймс, з’явіўся на свет у 0:07 ночы ў Міклашэвіцкім раддоме.
У сераду, 1 красавіка нарадзіўся самы малады жыхар Беларусі. Адбылося гэта ў гарадскім Міклашэвіцкім радзільным доме Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці. Хлопчык вагой 5.6 кг ды ростам 61 см адразу заняў статус самага маладога беларуса ў свеце. Бацькі чэмпіёна без доўгіх развагаў назвалі сына Джэймс, у гонар кінагероя агента амерыканскай разведкі Джэймса Бонда, бо хлопчык нарадзіўся ў 0 гадзін 07 хвілін. Рэдакцыя Еўрарадыё віншуе Вікторыю і Віктара Пераможцаў з павелічэннем сям’і.
Нагадаем, апошнія 10 гадоў статус самага маладога беларуса заставаўся за жыхаром Мінска Вітаўтам Маладжавым. Але Джэймс абагнаў папярэдніка літаральна на некалькі секунд.
З 1 красавіка!