Сёння спаўняецца чатыры гады з дня смерці Рамана Бандарэнкі
Раман Бандарэнка
Чатыры гады таму, 12 лістапада 2020-га, у Мінску памёр 31-гадовы мастак Раман Бандарэнка, якога перад тым жорстка збілі.
Увечары 11 лістапада ў двор на Плошчы Перамен, дзе жыў Раман, прыехалі невядомыя і пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі. Пабачыўшы адпаведны допіс у дваровым чаце, ён напісаў: "Я выходжу".
На дварэ на Рамана напалi, моцна збілi, а потым завезлі ў Цэнтральнае РАУС. З міліцыі Бандарэнку даставілі ў клініку ў вельмі цяжкім стане. 12 лістапада ён памёр, не прыходзячы ў прытомнасць.
Як высветліў BYPOL, першым Рамана атакаваў баксёр Дзмітрый Шакута, а потым збiлi сiлавiкi, якiя займалiся баявымi вiдамi спорту. На Плошчы Перамен у тую ноч знаходзiлiся таксама былыя хакеiсты Дзмітрый Баскаў i Павел Воўчак, а таксама вядоўца спортнавiнаў Ганна Эйсмант.
Улады спрабавалі назваць падзею "п'янай бойкай" і заяўлялі, быццам Бандарэнка быў п'яны. Аднак з медыцынскіх паказанняў стала вядома, што ў загінулага мастака было 0 праміле алкаголю.
Да дня гібелі Рамана Бандарэнкі прымеркаваны Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю. Святлана Ціханоўская заклікала ўсіх у гэты дзень публікаваць заявы, ладзіць імпрэзы салідарнасці, дзяліцца навінамі з Беларусі ў сацсетках, ахвяраваць грошы ў фонды падтрымкі палітвязняў, а таксама палка Каліноўскага.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.