У Беларусі прайшлі выбары ў мясцовыя саветы (анлайн)

22.22. Ярмошына: Па Беларусі яўка на выбарах склала 77%, па Мінску — 61%



Старшыня ЦВК увечары ў нядзелю назвала папярэднія лічбы, якія неўзабаве ўдакладнілі. Лідзія Ярмошына адзначыла "гераічныя высілкі" Мінска — 61% у сталіцы бывае толькі на прэзідэнцкіх выбарах. У Віцебскай вобласці яўка склала больш за 82%, у астатніх — каля 80%, інфармуе БЕЛТА.



Канчатковыя вынікі выбараў ЦВК збіраецца падвесці да пятніцы, 28 сакавіка. Аднак імёны абраных дэпутатаў агучаць ужо раніцай 24 сакавіка.
 

21.12. Міліцыя затрымала кандыдата ў дэпутаты на выбарчым участку



Здарэнне адбылося ў Хоцімску каля 20-й гадзіны.



Гаворка ідзе пра кандыдата ў дэпутаты Магілёўскага аблсавета па Хоцімскай выбарчай акрузе №54 і адначасова кандыдата ў дэпутаты Хоцімскага райсавета па Узбярэжнай выбарчай акрузе №13 Валерыя Каранкевіча. Міліцыянты затрымалі яго і даставілі ў мясцовы РАУС.



Па словах Каранкевіча, якія перадае Беларускі Хельінкскі камітэт, маёр міліцыі затрымаў яго непасрэдна на Інтэрнацыянальным выбарчым участку №3. Міліцыянт, які не прадставіўся Каранкевічу, паведаміў кандыдату ў дэпутаты, што на яго паступіла заява.



Сам Каранкевіч лічыць, што яго затрымалі, каб перашкодзіць яму як кандыдату ў дэпутаты прысутнічаць пры падліку бюлютэняў на Інтэрнацыянальным выбарчым участку №3.

20.58. Назіральнікі: Па мінскіх участках хадзілі невядомыя з рацыямі



Прадстаўнікі праекта "Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка" зафіксавалі шэраг парушэнняў падчас галасавання на выбарах 23 сакавіка.



У прыватнасці, на ўчастку №32 Старавіленскай выбарчай акругі №41 Мінска адзін з выбарцаў прагаласаваў за сваю дачку. Яна не змагла прыйсці на выбары, бо знаходзіцца за межамі Беларусі. На гэтым жа ўчастку сябры камісіі на просьбу арганізаваць выязное галасаванне прапанавалі выбарцу самастойна прагаласаваць за яго жонку. Чарговую спробу прагаласаваць за сваяка на гэтым участку назіральнікі спынілі.



Аналагічная сітуацыя адбылася ў Полацку, перадае БелаПАН. Там на адным з выбарчых участкаў жанчына прагаласавала за сваю дачку, якая прыйшла разам з ёй. Камісія не адрэагавала на заўвагу назіральнікаў.



На ўчастку №14 Заслаўскай выбарчай акругі №40 у Мінску выбаршчыца сказала назіральнікам, што "галасаваць прымушаюць пад страхам звальнення".



Таксама назіральнікі кажуць, што як мінімум на пяці выбарчых участках сталіцы знаходзіліся невядомыя асобы ў цывільным з рацыямі. Яны пра штосьці размаўлялі з сябрамі камісій, адмаўляліся прадстаўляцца.



На адным з участкаў у сталіцы сябры выбарчай камісіі сталі "паводзіць сябе агрэсіўна" пасля таго, як назіральнік падаў скаргу на забарону весці здымкі. У той жа час на іншым мінскім участку для галасавання дзеянні саміх назіральнікаў запісваліся на відэакамеру.
 

20.36. У Беларусі завяршылася галасаванне на мясцовых выбарах



Усе 6169 выбарчых участкаў зачыніліся а 20-й гадзіне.



Участковыя камісіі прыступілі да падліку галасоў. Падвесці папярэднія вынікі плануецца ў ноч з нядзелі на панядзелак, 24 сакавіка. Рэгістрацыя абраных дэпутатаў, згодна з каляндарным планам падрыхтоўкі і правядзення выбараў, павінна адбыцца не пазней за 28 сакавіка ўключна, перадае БЕЛТА.



Паводле апошніх звестак Цэнтравыбаркама (на 18-ю), удзел у галасаванні прынялі больш за 4 900 000 грамадзян, унесеных у спісы выбарцаў. Яўка перавысіла 70%.



Адбыліся таксама паўторныя выбары дэпутата Палаты прадстаўнікоў па Гомельскай-Навабеліцкай акрузе №36. Паводле інфармацыі на 18-ю яўка на паўторных парламенцкіх выбарах склала амаль 69%.

У Віцебску адбыўся пікет за байкот выбараў



Удзельнікі акцыі — віцебскія актывісты КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў і Алена Каваленка.


Як перадае Радыё "Свабода", яны выйшлі з плакатам "Байкот выбарчаму фарсу" да сярэдняй школы №46, дзе знаходзяцца выбарчыя ўчасткі.



Пікетоўцы абвясцілі, што байкатуюць выбары. Ян Дзяржаўцаў дэманстратыўна парваў запрашэнні на галасаванне. Удзельнікі акцыі лічаць, што сапраўдных выбараў у Беларусі няма.

17.20. У Брэсце на выбарчым участку знайшоўся стос "лішніх" улётак



Інцыдэнт адбыўся на тэрыторыі гарадской выбарчай акругі №3.



Знаходку выявіў Віталь Чмель — давераная асоба кандыдата ў дэпутаты Валянціны Мальцавай. У холе інтэрната на Дзяржынскага 3, дзе знаходзіцца выбарчы ўчастак №19, ён знайшоў каля 100 ўлётак кандыдаткі Надзеі Леанюк. Як выявілася, агітацыйныя матэрыялы выпушчаныя з парушэннем заканадаўства. Па-першае, іх колькасць перавышае пазначаны тыраж у 30 асобнікаў. Па-другое, у выходных звестках адсутнічае прозвішча і ініцыялы замоўцы.



Са словаў незалежнага назіральніка Уладзіміра Вялічкіна, ініцыятыўная група Мальцавай будзе патрабаваць зняць апанентку з выбараў на падставе парушэння Выбарчага кодэксу.



Вялічкін: "Віталь Чмель — давераная асоба кандыдата ў дэпутаты Мальцавай — мае намер звярнуцца ў брэсцкую гарадскую тэрытарыяльную выбарчую камісію і брэсцкую абласную тэрытарыяльную выбарчую камісію з заявай, у якой хоча запатрабаваць адмену рашэння рэгістрацыі кандыдата Леанюк".



Дарэчы, на гэтым жа выбарчым ўчастку быў выяўлены факт ускрыцця скрыні для галасавання. 18 сакавіка скрынку апячаталі ў прысутнасці двух назіральнікаў, якія сфатаграфавалі пячатку. 22 сакавіка выявілася, што пячатка адрозніваецца ад першапачатковай. Па факце парушэння кандыдат у дэпутаты Валянціна Мальцава напісала заяву ў пракуратуру.

15.37. Назіральнікі: Усе парушэнні — звычайныя для беларускіх выбараў



Камісіі ходзяць са скрынямі па кватэрах, парушаючы Выбарчы кодэкс.



Спісы выбаршчыкоў, якія галасуюць дома, робяцца без зваротаў грамадзян, па паведамленнях сацыяльных работнікаў.



"Заявы могуць быць і вусныя, але яны павінны быць. Проста так хадзіць па хатах камісія не мае права. Спісы робяцца без заяваў, бюлетэняў бяруць з запасам, але потым аказваецца, што яны ўсе пргаласавалі. Такое адчуванне, што выходзяць у поле і закідваюць сетку, каб сабраць як мага больш выбаршчыкаў. Відавочна, што за той час, які траціцца на гэта, столькі людзей не маглі прагаласаваць", — кажа старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак.



Назіральнікі кампаніі "Праваабаронцы за справядлівыя выбары" адзначаюць, што нічога новага на гэтых выбарах не адбываецца, парушэнні звычайныя. Так, на адным з участкаў камісія дала мужчыне прагаласаваць за дачку.



Гулак: "Крыху больш гэтым разам заганялі на датэрміновае. Відавочна, што трэба было арганізаваць гэты працэс, бо выбары самыя нецікавыя з усіх — іх проста не відаць. Нашы назіральнікі адзначаюць, што людзі робяць выбар "метадам тыку". Яны не ведаюць, за каго галасаваць, таму адбываецца адміністратыўны рытуал, а не свядомае абранне органаў улады".

15.29. Лукашэнка: Майдана пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі не будзе



Выбарчае заканадаўства Беларусі змянілася і стала больш ліберальным, таму будучая кампанія па выбарах прэзідэнта будзе больш канкурэнтнай.



Аднак гэтыя змены не прывядуць да з'яўлення майдана ў нашай краіне, заявіў Аляксандр Лукашэнка сёння журналістам, перадае БЕЛТА.



"Не думаю, што ўжо настолькі змянілася заканадаўства, што заўтра гэтыя змены прывядуць да нейкага Майдану ў Беларусі, крый божа", — адзначыў кіраўнік Беларусі.



Ён лічыць, што і раней падчас выбарчых кампаній хапала палітычнай канкурэнцыі. Як прыклад ён згадаў выбары снежня 2010 года: "Да таго ўжо дэмакратызаваліся, што ванітавала часам ад таго, што адбывалася на экранах тэлевізараў, сродках масавай інфармацыі, на вуліцах, у аўдыторыях. Была беспрэцэдэнтная адкрытасць. Чым гэта скончылася, вы ведаеце. З аднаго боку, мы абралі прэзідэнта, з другога — вельмі актывізаваліся "дэмакратызатары", паспрабавалі дэмакратызаваць нашу Беларусь праз лом, кайло, рыдлёўку. Чым гэта скончылася, таксама вядома", — заявіў Лукашэнка. На яго думку, беларусы па-новаму ацанілі падзеі, якія адбыліся тады, зірнуўшы на іх праз прызму сённяшніх украінскіх падзеяў.

15.09. Лазавік: Сур'ёзных парушэняў пакуль мне не сустракалася



У ЦВК паступаюць паведамленні, але пераважна — з просьбамі патлумачыць некаторыя палажэнні выбарчага заканадаўства.



Пра гэта Еўрарадыё распавёў сакратар Цэнтравыбаркама Мікалай Лазавік.



"На жаль, шмат заяваў прыходзіць, што грамадзяне не атрымалі інфармацыйных матэрыялаў пра кандыдатаў — гэта сур'ёзная недапрацоўка камісіі. Паступаюць скаргі на арганізацыю галасавання. Была скарга: маўляў, навошта на ўчастку канцэрт — ён можа перашкодзіць засяродзіцца і зрабіць выбар. Скаргаў, якія б указвалі на парушэнне выбарчага заканадаўства, я пакуль не бачыў. Можа, нешта такое і прыйшло ўжо, але мне сур'ёзных не сустракалася", — паведаміў Лазавік.

13.46. Аб'ява: "Забяспечыць 100% яўку на датэрміновым галасаванні"



Прадстаўнікі праекту "Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка" фіксуюць выпадкі прымусу да галасавання.



Студэнты журфаку БДУ паведамляюць, што да іх падыйшла загадчыца кафедры і настойліва парэкамендавала студэнтам, якія жывуць у інтэрнаце, прагаласаваць датэрмінова.



Прымус да датэрміновага галасавання таксама меў месца ў адносінах да працаўнікоў прадпрыемства, якія пражываюць у інтэрнаце прадпрыемства.



У адзін з дзён датэрміновага галасавання 90% тых, хто галасаваў, былі жыхарамі інтэрната ААТ "Мінскі завод будаўнічых матэрыялаў" (Голубеўская выбарчая акруга №26, участак №80).



У Баранавічах выбаршчык заявіў, што працаўнікоў ААТ "558 Авіяцыйны рамонтны завод" адмыслова адпусцілі з працы для датэрміновага галасавання.



У адной з рэгіянальных устаноў аховы здароўя павесілі аб'яву аб неабходнасці забяспечыць 100% яўку на датэрміновым галасаванні.

13.29. На мясцовых выбарах ужо прагаласавалі 44,5% выбаршчыкаў



Пра гэта заявіў сакратр ЦВК Мікалай Лазавік.



Паводле яго слоў, лідыруюць Віцебская і Гомельская вобласці — па 48%. У Мінску і Брэсцкай вобласці — крыху больш за 40%, паведамляе БЕЛТА.



Нагадаем, што датэрмінова ў Беларусі з 18 да 22 сакавіка прагаласавалі 32% выбаршчыкаў.
 

13.06. Ярмошына: Выбаркамы атрымалі 753 скаргі



З пачатку кампаніі па выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў.



Старшыня ЦВК лічыць, што "гэта нямала". Паводле слоў Лідзіі Ярмошынай, частка скаргаў не звязаныя з выбарамі — людзі "пад выбары спрабуюць вырашыць іншыя пытанні, звязаныя з працай ЖКГ, траснспарту". Яшчэ частка скаргаў датычыць "тлумачэння выбарчага заканадаўства", інфармуе БЕЛТА.
 

12.23. Лазавік: Для таго, каб выбары адбыліся, хапіла б і трох чалавек



З улікам таго, што датэрмінова прагаласавала 32% выбаршчыкаў, неабходнасці ў галасаванні яшчэ і 23 сакавіка ўжо не было.



Сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік прызнае, што юрыдычнай неабходнасці ў “масавым” галасаванні больш няма. Паводле зменаў, унесеных у выбарчае заканадаўства напярэдадні мясцовых выбараў 2014 года, “парога яўкі” больш не існуе і ў другім туры выбараў няма патрэбы.



Лазавік: “Калі б нават прагаласавалі тры чалавекі, то выбары адбыліся б. Але маральнае права ад імя ўсіх выбаршчыкаў акругі, і нават ад усіх жыхароў акругі ён будзе мець тады, калі за яго прагаласавала большасць. Хаця, юрыдычна гэта не абавязкова”.



Нагадаем, на 10.00 нядзелі на выбарах прагаласавалі ўжо 36% выбаршчыкаў (32% з іх — датэрмінова).
 

12.17. Фотафакт: Аляксандр Лукашэнка прагаласаваў на выбарчым участку ў Мінску

12.14. У горацкай акадэміі 50% выбаршчыкаў прагаласавалі датэрмінова



Рэкорд па датэрміновым галасаванні па традыцыі ставяць студэнцкія участкі, адзначае праваабаронца Валянцін Стэфановіч.



На такіх участках дадзеныя яўкі, па падліках назіральнікаў, істотна разыходзяцца з афіцыйнымі. На іншых лічбы збольшага супадаюць. У горацкай сельскагаспадарчай акадэміі датэрмінова прагаласавала палова выбаршчыкаў.



Датэрмінова галасуюць усё тыя ж катэгорыі выбаршчыкаў: студэнты (асабіліва жыхары інтэрнатаў), жыхары працоўных інтэрнатаў і жыхары малых гарадоў, дзе ёсць горадаўтваральнае прадпрыемства.



Вось што распавёў Еўрарадыё Валянцін Стэфановіч:



"За гэтыя гады ўсё настолькі дэвальвавалася, што ў людзей няма адчування, што гэта не добра. Людзей адпускаюць з працы, каб яны прагаласавалі датэрмінова. І яны абураюцца не таму, што так адбываецца, а таму што некаму далі адгул на дзень, а некаму на два".



Як паведамляе сайт vybory2014.eotp.info на адным з участкаў у Мінску яўка на датэрміновым галасаванні склала 47%. Па краіне гэтая лічба складае 32%.
 

11.58. Ярмошына: Два кандыдаты памерлі, супраць аднаго распачалі крымінальную справу



З-за памерлых дваіх кандыдатаў у дэпутаты галасаванне ў гэтых акругах будзе паўторным — на вылучэнне іншых кандыдатаў ужо не было часу. Яшчэ на адной з безальтэрнатыўных акруг кандыдата прыцягнулі да крымінальнай адказнасці і ён не змог паўдзельнічаць у выбарах, паведаміла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына ў эфіры тэлеканала АНТ.

11.41. Заклікаў да байкоту выбараў ад кандыдатаў ЦВК не зарэгістраваў



Улёткі з заклікамі да байкоту перыядычна з’яўляліся, а асобныя СМІ праводзілі “правакацыйныя апытанні”, але ніводзін кандыдат з-за забароны байкоту не пацярпеў.



Сёлета мясцовыя выбары у Беларусі ўпершыню праходзяць паводле змененага выбарчага заканадаўства, якое забараняе заклікі да байкоту выбараў. Па словах сакратара ЦВК Мікалая Лазавіка, кандыдаты ў дэпутаты мясцовых саветаў у такіх парушэннях заўважаныя не былі.



“Наўпроставай агітацыі за байкот выбараў як такой не было. Праўда, я бачыў у інтэрнэце, што нехта недзе вывесіў плакат з заклікаў не хадзіць на выбары, байкот выбараў. Але нейкіх санкцый у адносінах да кандыдата за гэтыя дзеянні не было, бо і не ўстаноўлена, што гэта кандыдат такую агітацыю праводзіў за байкот выбараў”.


Адзінае, што заўважылі ў Цэнтрвыбаркаме, што асобныя інтэрнэт-СМІ праводзілі “апытанні, якія ставілі пад сумнеў неабходнасць удзелу ў галасаванні — дэпутаты ж амаль нічога не вырашаюць, а ўсе рашэнні прымае выканаўчая ўлада”. Але гэта пад дзеянне выбарчага заканадаўства не трапляе, адзначыў Лазавік.
 

11.09. Фантастычнае фота з выбарчага ўчастка: У гасцях у казкі!



На гэтым участку канкуруюць праўладныя кандыдаты.



Адзін з слухачоў Еўрарадыё даслаў сённяшняе фота з 11-га выбарчага ўчастка ў вёсцы Шуневічы Глыбоцкага раёна, які месціцца ў мясцовым дзіцячым садку. На сцяне надпіс: "У гасцях у казкі!".



Адметнасць гэтага ўчастку ў тым, што за дэпутацкі мандат там змагаюцца два праўладныя кандыдаты, прычым адзін з іх — былы ідэолаг.

10.50. Назіральніца напісала скаргу і яе пазбавілі акрэдытацыі



Валерыя Чарнаморцава — актывістка аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя. Таксама яна — назіральніца ў межах кампаніі "Права выбару". Чарнаморцава была акрэдытаваная на выбарчым участку № 25 Лагойскай акругі № 44.



Як паведамляе сайт bchd.info, у пятніцу яна напісала скаргу на тое, што да сябраў участковай камісіі падыйшла камендант інтэрнату (пра яе пасаду заявілі самі сябры камісіі) і зверылася са спісамі тых, хто прагаласаваў. Праз паўгадзіны пасля гэтага на ўчастак пайшлі галасаваць насельнікі інтэрнату.



Апроч таго, у пятніцу Валерыя Чарнаморцава сфатаграфавала выбарчую скрыню. За гэта на яе накрычалі ды дамагліся, каб яна выдаліла фотаздымкі. Раніцай у нядзелю назіральніцы паведамілі пра пазбаўленне яе акрэдытацыі за тое, што "яна знаходзілася каля выбарчай скрыні, умешвалася ў працу камісіі і вяла несанкцыянаваныя фота- і відэаздымкі". Што тычыцца адказу на скаргу, то ў камісіі напісалі, што нікога пабочнага на ўчастку не было, толькі сябры камісіі, выбаршчыкі і назіральнікі.
 

10.30. Лукашэнка едзе галасаваць ва ўніверсітэт фізкультуры
 

Аляксандр Лукашэнка традыцыйна галасуе не датэрмінова, а ў асноўны дзень. Як паведамляе БЕЛТА, кіраўнік дзяржавы прагаласуе на выбарчым участку № 1 Вяснянскай выбарчай акругі № 39, які размешчаны ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры.  

Як чакаецца, Лукашэнка адкажа на пытанні прысутных на ўчастку журналістаў.

9.28. На мясцовых выбарах прагаласавалі ўжо каля 32% выбаршчыкаў



У апошнія пяць дзён адбывалася датэрміновае галасаванне. Калі за першыя чатыры дні прагаласавалі амаль 25%, дык учора яшчэ 7% — агулам 32% выбаршчыкаў, а гэта больш за 2 млн 200 тысяч чалавек, інфармуе БЕЛТА са спасылкай на ЦВК.

У Брэсцкай вобласці 18-22 сакавіка прагаласавалі 31,76% выбаршчыкаў, у Віцебскай — 30,44%, у Гомельскай — 33,81%, у Гродзенскай — 31,12%, у Мінскай — 31,61%, у Магілёўскай — 31,69%, у Мінску — 32,97%.



Яўка выбаршчыкаў на паўторных выбарах дэпутата Палаты прадстаўнікоў па Гомельскай-Навабеліцкай акрузе № 36 падчас датэрміновага галасавання склала 24,46%.



"Гэта вельмі добры паказчык. Напэўна, тут адбіваецца свядомасць і актыўнасць нашых выбаршчыкаў", — адзначыў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік.
 

***

23 сакавіка — асноўны дзень галасавання, аднак з 18 сакавіка да ўчорашняга дня ішло галасаванне датэрміновае. На раніцу суботы прагаласавалі ўжо 25% выбаршчыкаў. Найбольш актыўна датэрмінова галасавалі ў Гомельскай (26,02%) і Віцебскай (25,95%) абласцях, а таксама ў Мінску (25,88%). Колькі ўчора людзей прагаласавалі датэрмінова, пакуль невядома.

Сёння праходзяць не толькі мясцовыя выбары. У Гомелі выбіраюць дэпутата Палаты прадстаўнікоў. На паўторных выбарах па Гомельска-Навабеліцкай акрузе № 36 на ўчорашні ранак датэрмінова прагаласавалі больш за 18% выбаршчыкаў.



Выбарчыя ўчасткі будуць працаваць да 20-й гадзіны.



Назіральнікі ўжо заяўляюць пра выяўленыя парушэнні. Найперш яны датычаць колькасці выбаршчыкаў, якія прагаласавалі на ўчастку. Назіральнікі налічваюць іх на некалькі дзясяткаў чалавек менш, чым пасля было пазначана ў пратаколах. У прыватнасці, такую скаргу паслаў у ЦВК назіральнік ад Партыі БНФ у Мінску Вадзім Канапацкі. А на адным з участкаў у Брэсце (№19, у інтэрнаце Брэсцкага дзяржуніверсітэта) назіральнікі заявілі, што скрынка з бюлетэнямі ўскрывалася.
 

Фота — bymedia.net

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі