Сёння ў Брэсце БАТЭ і "Тарпеда-БелАЗ" пазмагаюцца за Кубак Беларусі
21 траўня ў Брэсце барысаўскі БАТЭ і жодзінскае "Тарпеда-БелАЗ" пазмагаюцца за Кубак Беларусі. Жывая трансляцыя фінальнага матчу запланаваная на тэлеканале "Беларусь 5", пачатак у 17.55. Судзіць яго будзе Аляксей Кульбакоў.
БАТЭ з цяжкасцю прабіўся ў фінал. У паўфінальных матчах каманда Аляксандра Ермаковіча так і не змагла перамагчы наваполацкі "Нафтан" — былі зафіксаваныя дзве нічыі (2:2, 0:0). Прайсці далей БАТЭ дапамаглі два галы, забітыя на чужым полі. Жодзінскае "Тарпеда-БелАЗ" на шляху да фінальнага паядынка выбіла з розыгрышу такія каманды, як мінскае "Дынама" і "Мінск". Каманда Ігара Крывушэнкі ў выпадку поспеху атрымае пуцёўку ў кваліфікацыю Лігі Еўропы. Калі ж пераможа БАТЭ, у еўракубку згуляе бабруйская "Белшына", якая летась заняла ў чэмпіянаце Беларусі 4-е месца.
Па тры разы ўладальнікам футбольнага Кубка Беларусі былі мінскае "Дынама" (у 1992, 1994 і 2003 гадах), "Белшына" (1997, 1999 і 2001) і БАТЭ (2006, 2010 і 2015). Барысаўчане маюць усе шанцы, каб пакінуць Кубак у сябе яшчэ на адзін год.