Таццяна: "Я стала сурагатнай маці выпадкова"

Еўрарадыё вырашыла паразмаўляць з жанчынай, якая ўжо наважылася стаць сурагатнай маці. Аказалася, Таццяна прыйшла ў юрыдычную фірму па сваіх справах, а ёй нечакана прапанавалі своеасаблівую паслугу. Еўрарадыё знайшло толькі адну юрыдычную фірму ў Беларусі, якая аказвае паслугу сурагатнага мацярынства. Фірма “ Суркансалт” з Маладзечна пачала працаваць некалькі месяцаў таму, але ўжо паспела падабраць 6 сурагатных маці. Усе жанчыны зараз ці рыхтуюцца да апладнення, ці ўжо цяжарныя. Тых, хто нарадзіў, пакуль няма. Галоўныя патрабаванні да сурагатнай маці: узрост не павінен быць больш за 35 гадоў, наяўнасць вышэйшай адукацыі вітаецца, наяўнасць уласнага дзіцяці абавязкова, а вось мужа — не. Згодна з артыкулам 53 Кодэксу аб шлюбе і сям’і, ён таксама абавязаны даць пісьмовы дазвол, а калі ён не згодзіцца?

Дырэктар фірмы Аксана Вайцяховіч расказала Еўрарадыё: ”Як правіла, генетычныя бацькі звяртаюць увагу на стан здароўя жанчыны”, а не на яе выгляд. Аднак аднойчы генетычныя бацькі запатрабавалі блакітныя вочы.

Аксана Вайцяховіч: У бацькоў, якія ўжо выпрабавалі ўсе метады, каб нарадзіць дзіця, толькі адна праблема: стан здароўя сурагатнай маці. Канешне, генетычныя бацькі бываюць рознымі. Вось, напрыклад, нам адны заявілі, каб у сурагатнай маці былі блакітныя вочы. Мы пытаем: “Навошта? Гэта ж не ваша дзіця!”.

Згодна з артыкулам 53 Кодэксу аб шлюбе і сям’і, сурагатная маці і сапраўды не з’яўляецца маці дзіця, якое яна нарадзіла: ні юрыдычнай, ні біялагічнай (падсаджваецца яйцаклетка генетычных бацькоў, а сурагатная маці выступае ў ролі своеасаблівага інкубатара). Таму прэтэндаваць на дзіця яна не мае ніякіх правоў. З самага пачатку (пасля таго, як жанчына згадзілася) і да радзільні ёй неаднаразова гэта паўтараюць, каб пазбегнуць праблем з перадачай дзіцяці. Напрыклад, у Расійскай Федэрацыі, у адрозненні ад Беларусі, сурагатная маці можа не аддаць дзіця (у выпадку, калі перадумае), і заканадаўства будзе на яе баку.
Аксана Вайцяховіч расказала, што скарыстацца паслугамі сурагатнай маці жадаюць не толькі беларускія пары, але пары і ЗША, Расіі.

Аксана Вайцяховіч: На самой справе мы не імкнемся працаваць з замежнікамі, таму што ў Беларусі таксама хапае бясплодных пар, якія жадаюць скарыстацца паслугамі сурагатнай маці. Можа, у будучыні мы і будзем да гэтага звяртацца, але пакуль не. Да нас ужо сёння паступаюць прапановы з Масквы.

Як правіла, сурагатнай маці згаджаюцца стаць маладыя жанчыны, якім хутка патрэбны грошы. 24-гадовая Таццяна з Маладзечна прыйшла ў юрыдычную фірму па сваіх справах, а ёй прапанавалі… стаць сурагатнай маці.

Таццяна: Я проста прыйшла на кансультацыю ў юрыдычную фірму зусім па іншым пытанні. І яны мне сказалі, што займаюцца яшчэ і сурагатным мацярынствам. Да гэтага не ўяўляла,што гэта такое і што ў нашай рэспубліцы ёсць такая паслуга. Я месяц думала, а пасля наважылася.

Сяброўкі Таццяны не могуць зразумець яе.

Таццяна: Шмат сябровак было супраць, таму што ніхто з іх нават не ўяўляе сабе гэту праграму. Я сама раней гэтага не ведала. Можа, калі б мне хто пра гэта расказаў, у мяне была б такая ж рэакцыя. Але пасля нашай сустрэчы з генетычнымі бацькамі я адразу ж згадзілася. Мы паладзілі і ўжо паспелі стаць роднымі. Нават адсутнасць вышэйшай адукацыі не паўплывала на гэта. Я закончыла толькі тэхнікум.

Таццяна спадабалася генетычным бацькам адразу ж, і яны адразу ж агледзелі кватэру дзяўчыны (каб ведаць, у якіх умовах яна жыве разам са сваім 2-гадовым дзіцём), прапанавалі прайсці медыцынскі агляд на сумяшчальнасць, а ўжо потым падпісаць дамову.
Зараз Таццяна трэці месяц п’е вітаміны, вядзе здаровы лад жыцця. Адным словам, рыхтуецца нарадзіць здаровае дзіця, бо праз месяц яе чакае апладненне. На пытанне, ці сочаць за гэтым генетычныя бацькі, Таццяна адказала:

Канешне, яны заязджаюць, але не часта: раз у тыдзень. Мы тэлефануем адзін аднаму амаль кожны дзень. Увогуле, у нас выдатныя адносіны.

Колькі каштуе такая паслуга?

Пры тым, што самі генетычныя бацькі жывуць у Мінску. Па словах Аксаны Вайцяховіч, у асноўным кантролем усіх сурагатных мам займаецца сама юрыдычная фірма. Калі жанчын пачынаюць хваляваць нейкія пытанні, з імі працуе псіхолаг.

Аксана Вайцяховіч: Мы наведваем яе кожны дзень, мы з ёй размаўляем, цікавімся: дзе яна? што робіць? Сочым за яе станам здароўя і водзім у клінікі на прыём да доктара. Нягледзячы на тое, дзе жыве сурагатная маці - ці ў Маладзечне, ці ў Мінску, ці ў іншай вобласці.

Зараз Таццяна штомесячна атрымлівае 300 долараў, а пасля нараджэння дзіцяці атрымае яшчэ 15 тысяч долараў. Еўрарадыё пацікавілася, ці гатова яна пасля адказваць на пытанні суседзяў: ты ж была цяжарнай, а дзе зараз дзіця?

Таццяна: Я разважала над гэтым пытаннем яшчэ раней, таму мне і было цяжка пагадзіцца на гэта. Але калі я паразмаўляла з гэтымі людзьмі (генетычнымі бацькамі), я змагла сябе пераканаць. Я зараз не задумваюся над тым, што скажуць суседзі, але гэта не так важна ўжо.

Таццяна ўпэўнена, што дзіця аддасць з лёгкасцю, бо там няма ніводнай яе клетачкі. І гэта добры шанец зарабіць грошы і дапамагчы іншым людзям. Пасля родаў яна не выключае магчымасці, што яшчэ раз стане сурагатнай маці. А вось думаць пра тое, ці будзе яна сустракацца з дзіцём пасля родаў і яго генетычнымі бацькамі, яна не хоча.

Фота — www.km.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі