Таранціна арганізуе сустрэчу герояў двух сваіх фільмаў

Квенцін Таранціна не адмовіўся ад ідэі аб'яднаць у адным фільме двух герояў яго карцін "Шалёныя сабакі" і "Крымінальнае чытво" - Віка Вегу і Вінцэнта Вегу.  Пра гэта, як паведамляе рэсурс WorstPreviews, распавёў у інтэрв'ю радыёстанцыі WAAF Boston акцёр Майкл Мэдсан, які выконваў ролю Віка Вегі ў "Шалёных сабаках". Адказваючы на пытанне вядучага пра лёс фільма пад назвай "Браты Вега", пра які рэжысёр казаў яшчэ шмат гадоў таму, Мэдсан пацвердзіў, што праект не мёртвы.

"Квенцін быў нядаўна ў Ціхуане і, вярнуўшыся адтуль, сказаў, што ў яго ёсць новыя ідэі. Карціна не абавязкова будзе прыквелам. Цалкам магчыма, што мы з Джонам Траволтам, які выканаў ролю Вінцэнта Вегі ў "Крымінальным чытве", сыграем не сваіх герояў, а іх братоў-двайнят. Я зусім не жартую. Мяркуецца, што нашых герояў толькі выпусцілі з турмы і яны сустракаюцца ў самалёце, і не падазраюць пра існаванне адзін аднаго. Абодва ляцяць у Лос-Анжэлес, каб адпомсціць за смерць сваіх братоў", - сказаў акцёр.

Майкл Мэдсан не ўдакладніў, калі менавіта рэжысёр плануе пачынаць здымкі. Раней Квенцін Таранціна заяўляў, што перад сыходам на пенсію ён жадае зняць працяг дылогіі "Забіць Біла", прыквел "Ганебных вырадкаў", безназоўны пакуль вестэрн і яшчэ адзін гангсцерскі фільм. Верагодна, калі ён казаў пра апошні, ён і меў на ўвазе "Братоў Вега".

Фота: tv.akado.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі