Тарыф на камуналку вырас на 50% за год
Аднак усё адно беларусы пакрываюць толькі траціну выдаткаў дзяржавы на камунальныя паслугі!
З 1 верасня камунальныя паслугі падаражэюць амаль на 10%. Гэта прадугледжваецца ўказам № 550, у якім прапісаныя алгарытмы на павышэнне цэн на камунальныя паслугі цягам года. Згодна з указам, штоквартальна тарыфы на камунальныя плацяжы будуць індэксавацца ў залежнасці ад заробкаў беларусаў.
Па версіі дырэктара дэпартамента коштавай палітыкі Міністэрства эканомікі Ігара Фаміна, у першым паўгоддзі беларусы ўжо пакрывалі каля 31% выдаткаў на камуналку супраць 24,4% мінулым летам. Пры гэтым, за той жа год “жыроўка” пацяжэла ажно на 58%! Чаму тарыфы выраслі істотна, а ўзровень пакрыцця выдаткаў — не?
“Справа ў тым, што растуць выдаткі забяспечваючых арганізацый, — тлумачаць дыспрапорцыю ў Мінэканомікі. — Самі “жылкамгасы” — таксама юрасобы і для іх тарыф індэксуюцца суадносна інфляцыі. Кошты на той жа газ не змяняліся ў доларах, а вось у беларускіх змяніліся. Не варта забываць пра інфляцыю”.
Цікава, што па некаторых паслугах беларусы ўжо даўно плацяць 100%. Да прыкладу, вываз цвёрдых камунальных адходаў і іх перапрацоўка цалкам кладзецца на плечы жыльцоў. Газ ды электрычнасць беларусы таксама аплачваюць амаль поўнасцю.
Еўрарадыё пацікавілася, ці не ўдарыць па бюджэце “жыроўка”, што пацяжэе на 40 тысяч?
Самымі незадаволенымі павышэннем камунальных плацяжоў аказаліся пенсіянеры.
“Зразумела, я жыву на свае сродкі, нават калі мыю посуд. Менш лезу ў ванную, нават калі муж голіцца, я яго прывучаю, каб кран быў закрыты”, — прызнаецца пенсіянерка Таццяна. Яна з мужам жыве на пенсію, таму стараецца эканоміць.
А вось офісны працаўнік Аляксандр асабліва не звяртае ўвагі на тое, колькі плаціць за камуналку. Кажа, цяпер даражэй адзін раз схадзіць у краму.
“Для мяне дзіка лішні раз не прыняць ванну, няхай гэта будзе на 5 тысяч болей. Добра, што заробак дазваляе не эканоміць асабліва”.
Анжаліка з Пінска заўважае, што цяпер плацяжы за камуналку не вельмі маленькія, але і не моцна б’юць па яе сямейным бюджэце.
“У мяне трохпакаёўка. Камуналка летам каля 500-600 тысяч рублёў, але гэта без гарачай вады. У нас будуць “Дажынкі”, і нам мяняюць трубы. Мы ўжо 4 месяцы без гарачай вады. Але мы набылі бойлер. Мы прывыклі да камфорту”, — Анжаліка дадае, што павышэнне тарыфаў — з’ява заканамерная: растуць пенсіі, растуць заробкі, растуць тарыфы!
Колькі беларусы пакрываюць выдаткаў на кожную паслугу ў “жыроўцы”?
Тарыф для насельніцтва, жнівень, 2014 |
Тарыф эканамічна абгрунтаваных выдаткаў, жнівень, 2014 |
Працэнт пакрыцця выдаткаў, жнівень, 2014 |
Працэнт пакрыцця выдаткаў, жнівень, 2013 |
|
Тэхабслугоўванне (кв.м) |
610 |
2100 |
28% |
33% |
Адлічэнні на капрамонт (кв.м) |
600 |
600 |
100% |
28,7% |
Ацяпленне/падагрэў вады |
82020 |
300000 |
27% |
28,6% |
Вываз адкідаў |
30235 |
30235 |
100% |
100% |
Перапрацоўка адкідаў |
9467 |
9467 |
100% |
100% |
Карыстанне ліфтам |
2392.3 |
13100 |
18% |
26,8% |
Вада-каналізацыя |
1679.7 |
9000 |
18% |
18,35% |
Газ (з лічыльнікамі) |
1940.9 |
2362 |
82% |
44% |
Электрычнасць |
745.9 |
917.2 |
81% |
59,91% |