Тайвань губляе хаўруснікаў у супрацьстаянні з Кітаем — #ІхНоравы
Кароткі агляд сусветных навін
Науру ў панядзелак абвясціла пра скасаванне дыпламатычных адносін з Тайванем. Пра гэта і не толькі ў нашым традыцыйным аглядзе міжнародных навін.
Тайвань губляе хаўруснікаў
Ціхаакіянская астраўная дзяржава Науру заявіла 15 студзеня, што разрывае дыпламатычныя адносіны з Тайванем і імкнецца аднавіць іх з Кітаем. Гэта адбылося ўсяго праз некалькі дзён пасля таго, як у Тайвані абралі новага прэзідэнта — празаходняга кандыдата Лая Цындэ.
Такім чынам Тайвань страціў аднаго з нямногіх дыпламатычных саюзнікаў у супрацьстаянні з Пекінам.
"Гэтая змена палітыкі з'яўляецца важным першым крокам у прасоўванні наперад у развіцці Науру", — гаворыцца ў заяве мясцовага ўрада.
У прыватнасці, у ёй гаворыцца, што Науру пяройдзе да "прынцыпу аднаго Кітая", паводле якога Тайвань з'яўляецца часткай Кітая і прызнае Пекін урадам краіны.
У МЗС Кітая ўжо віталі крок Науру па разрыве "так званых дыпламатычных сувязей" з Тайванем. І адзначылі, што гэтае рашэнне "яшчэ раз паказвае, што "прынцып аднаго Кітая" — глабальная тэндэнцыя грамадскай думкі”.
У Тайвані на выбарах прэзідэнта атрымаў перамогу празаходні кандыдат Лай Цындэ. Ён выступае за асобную ідэнтычнасць вострава і адхіляе тэрытарыяльныя прэтэнзіі Кітая.
Акрамя таго, Цындэ абяцае захаваць мір у Тайваньскім праліве, які з'яўляецца крыніцай ваеннай напружанасці для дзвюх найбуйнейшых эканомік свету, паабяцаўшы ісці плячо ў плячо з іншымі вялікімі дэмакратыямі.
Раней лідар Кітая Сі Цзіньпін падчас сустрэч з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам заявіў, што паглынанне яго краінай Тайваня "непазбежнае".
Страшная паводка накрыла Рыа-дэ-Жанейра
Моцныя паводкі і апоўзні адбыліся ў Рыа-дэ-Жанэйра, забраўшы жыцці 11 чалавек. Пра гэта паведамляе The Watchers.
Heavy rainfall caused devastating flooding at Ronaldo Gazolla Hospital in Acari, Rio de Janeiro, Brazil | 14 January 2024 | #floods #flooding #Acari #RiodeJaneiro #Brazil pic.twitter.com/VLGXkdbMtP
— Disaster Tracker (@DisasterTrackHQ) January 15, 2024
Як паведамляецца, наймацнейшыя ападкі абрынуліся на горад, ператварыўшы дарогі ў бурлівыя рэкі. Асабліва пацярпелі паўночныя часткі горада. Паведамляецца аб апоўзнях, утапленнях і пашкоджанні электрычным токам.
У Акары, адным з найбольш пацярпелых раёнаў Рыа-дэ-Жанейра, паводка затапіла падвальныя памяшканні бальніцы і сур'ёзна ўдарыла па мясцовым бізнесе, а на адной з галоўных магістраляў горада ўзровень вады дасягнуў дахаў аўтамабіляў.
Дзясятак аўтобусных ліній спынілі працу, а некалькі станцый метро закрыліся з прычыны затаплення.
Паводле звестак выдання, у некаторых раёнах Рыа-дэ-Жанэйра ўсяго за 24 гадзіны выпала месячная колькасць ападкаў.
Сур'ёзнасць сітуацыі прымусіла ўлады аб'явіць надзвычайнае становішча. Жыхароў заклікаюць заставацца дома і не выходзіць на вуліцу без неабходнасці.
Трактарысты паехалі на Берлін!
У Берліне працягваецца акцыя пратэсту фермераў супраць скарачэння сельскагаспадарчых субсідый, якія прыбываюць з усёй краіны са сваёй тэхнікай. Вуліцы нямецкай сталіцы перапоўненыя тысячамі трактароў.
Як паведамляецца, удзельнікі дэманстрацыі пачалі з'язджацца з усёй краіны з вечара нядзелі, 14 студзеня, і працягваюць да гэтага часу.
Агулам чакаецца каля 5 тысяч трактароў і іншай сельскагаспадарчай тэхнікі, а таксама каля 10 тысяч пратэстоўцаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.