Тэлеканал АНТ адмаўляе факты парушэння закона аб рэкламе

Тэлеканал АНТ адмаўляе, што гучнасць рэкламы ў іх эфіры перавышае гучнасць астатніх праграм і тым самым парушае закон.
Таксама прэс-сакратар АНТ Аліна Праваторава заявіла, што пакуль ім нічога не вядома пра прэтэнзіі Мінгандлю.

Аліна Праваторава:
“Пакуль нам ніхто судовых пазоваў не прад’яўляў, таму пра намеры Міністэрства гандлю нам пакуль нічога невядома. Нашыя эфірныя выпускаючыя гавораць пра тое, што ўзровень гуку, мы самі гэта замяраем, ён адпавядае нормам, закладзеным у законе”.

Нагадаем, Міністэрства гандлю Беларусі падало ў суд на некалькі беларускіх тэлеканалаў, у эфіры якіх рэклама была занадта гучнай у параўнанні з астатнімі перадачамі. Пра гэта паведаміла інтэрнэт-выданне “Ежедневник”.

Намеснік начальніка ўпраўлення абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай Мінгандлю Вольга Краўцова пацвердзіла гэтую інфармацыю. Адзначаецца, што ў красавіку 2008 года міністэрства звярнулася да спецыялістаў Дзяржстандарту з просьбай праверыць гукавыя параметры на каналах СТВ, РТР, "НТВ-Беларусь", АНТ, "8-ы канал" і "Першы музычны".

У выніку высветлілася, што на ўсіх гэтых тэлеканалах узровень гучнасці рэкламы перавышае перадачы ў сярэднім на 1–2,5 дБА. Пры гэтым самым недысцыплінаваным тэлеканалам апынуўся АНТ, дзе розніца часам дасягала пяці акустычных дэцыбелаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі