Тэнерыфэ ў агні, а Брытні зноў разводзіцца — #ІхНоравы

Здавалася б, пры чым тут галівудскі страйк? Ды проста нагадваем / калаж Еўрарадыё

Здавалася б, пры чым тут галівудскі страйк? Ды проста нагадваем / калаж Еўрарадыё

У Еўропе бушуюць пажары і не шкадуюць нават самых прыгожых мясцін, як сусвет не шкадуе спявачку Брытні Спірс: галоўная зорка пачатку нулявых зноў засталася адна. Гэта і не толькі — у нашым традыцыйным кароткім аглядзе самых цікавых міжнародных навін "Іх норавы". І сёння — ні слова пра магчымы бой Ілана Маска і Марка Цукерберга.

(Ну вось, так хацелі не згадваць, што згадалі.)

 

Агні Тэнерыфэ

Не, гэта не адсылка да іспанскай паэзіі эпохі рамантызму. Іспанскі востраў літаральна ў агні: там не сціхаюць лясныя пажары, выкліканыя беспрэцэдэнтнай спёкай.

Пажары ўжо ахапілі 1800 гектараў, мясцовыя ўлады эвакуявалі пяць вёсак і забаранілі доступ да лесу вакол знакамітага вулкана Тэйдэ. Паглядзіце, што там робіцца.

Брытні разводзіцца. Зноў

У чэрвені 2022-га, неўзабаве пасля атрымання незалежнасці ад апекі з боку бацькі, поп-ікона нулявых Брытні Спірс выйшла замуж за Сэма Асгары, які маладзейшы за яе на 13 гадоў. Уласна, уся яго вядомасць была ў тым, што ён муж Брытні і аператар яе дзіўных відэа для сацсетак.

Сэм Асгари и Бритни Спирс разводятся
Сэму Асгары было 5, калі яго будучая жонка Брытні Спірс стала суперзоркай / іnstagram/britneyspears/samasghari

Але шчасце маладых цягнулася нядоўга: стала вядома, што 29-гадовы Асгары падаў на развод. Прычым літаральна нядаўна пара адпачывала разам і пазіравала для папарацы. Галоўнае пытанне цяпер — нават не прычыны разводу, а тое, колькі грошай ад 60-мільённага капіталу Брытні адхопіць яе трэці (амаль) былы муж.

 

Навукоўцаў просяць аддаць косткі

У ЗША тым часам скандал на стыку навукі і этыкі: пасля публікацый The Washington Post адной з галоўных тэм абмеркавання стала калекцыя чалавечых рэшткаў Смітсанаўскага інстытута.

Многія з чэрапаў і іншых костак былі сабраныя ў калекцыю яшчэ ў XIX стагоддзі, таму там асабліва шмат рэшткаў рабоў і лацінаамерыканцаў. Вядома, значная частка калекцыі атрыманая нават без згоды сваякоў — хоць і ў XX стагоддзі гэта патрабавалася не заўсёды: напрыклад, у выпадку з бяздомнымі.

І вось атрымалася так, што запыленыя ў архівах інстытута косткі патрабуюць пахаваць, а заадно перагледзець сваю ацэнку працы папярэднікаў. Што зробяць навукоўцы, пакуль не вядома.

 

Кен запісаў галоўны хіт лета

Вернемся да "Барбі" — ужо не столькі лялькі ці фільма, а да культурнага феномену. Пакуль усе абмяркоўваюць тое, што гэтая карціна стала першай, якая знятая жанчынай-рэжысёрам і сабрала больш за мільярд долараў у сусветным пракаце, варта ўлічыць, што гэта не адзіны рэкорд.

Песня "I'm just Ken" у выкананні Раяна Гослінга трапіла ў рэйтынг Billboard 100. Толькі на Spotify ў балады пра крызіс мужчынскасці больш за 42 мільёны праслухоўванняў, яна бясспрэчны хіт у Ціктоку і іншых сацсетках. Ну і дзякуючы гэтаму колькасць праслухоўванняў у акцёра Гослінга на стрымінгах ужо большая, чым у некаторых музыкаў з вокладак Rolling Stone — напрыклад, поп-феномену Фібі Брыджэрс.

Самы час паслухаць "I'm just Ken", калі вы яшчэ не

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі