Тэрытарыяльныя і акруговыя камісіі апазіцыя праігнаравала?

Гэта дало падставы прадстаўнікам розных афіцыйных структур ужо сёння казаць пра слабую актыўнасць апазіцыі на выбарах — нягледзячы на тое, што наперадзе яшчэ фармаванне ўчастковых выбарчых камісій і вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты.

Так, сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік лічыць сённяшнюю актыўнасць апазіцыі “не зусім зразумелай”.

Мікалай Лазавік: “13 палітычных партый узялі ўдзел у вылучэнні кандыдатаў у склад акруговых выбарчых камісій. Але ў некаторых адсотак удзелу такі, што лічба з’яўляецца толькі пасля другога нуля. Пасля коскі ідуць нулі і толькі потым з’яўляецца нейкая лічба. З другога боку — абедзве камуністычныя партыі бяруць актыўны ўдзел. Адна вылучыла 200 чалавек у склад акруговых камісій, другая — 104. Гэта рэальны ўдзел. А калі на ўзроўні 0,1 альбо 0,05% — гэта мне не зусім зразумела”.

Праўда, дыпламатычна не стаў каментаваць сітуацыю. Маўляў, яму цяжка сказаць, што гэтыя лічбы азначаюць — пік актыўнасці апазіцыі на гэтых выбарах ці толькі размінку перад імі.

Намеснік старшыні адной з самых актыўных апазіцыйных партый — Аб’яднанай партыі левых “Справядлівы свет” — Валерый Ухналёў тлумачыць невялікі адсотак вылучэнцаў у склад тэрытарыяльных і акруговых камісій слабой матывацыяй удзелу.

Валерый Ухналёў: “Тое, што адбылося, як у многіх рэгіёнах складаліся гэтыя камісіі, з каго і як, паказвае, што нічога прынцыпова не змянілася ў дзеяннях улады па падрыхтоўцы выбараў. Таму сур’ёзнай матывацыі да ўдзелу ў выбарах у мясцовыя саветы няма”.

Як бы там ні было з матывацыяй, але былыя камуністы збіраюцца на выбарах выставіць ад 200 да 300 кандыдатаў у дэпутаты. Колькі з іх стануць дэпутатамі, шмат у чым залежыць ад таго, як падлічаць адданыя за іх галасы ўчастковыя камісіі. І таму ўсе свае сілы партыя збіраецца кінуць на вылучэнне актывістаў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі — як мінімум па адным ў той акрузе, дзе будзе балатавацца іх кандыдат. А фармавацца гэтыя камісіі, паводле каляндарнага плану Цэнтрвыбаркама, будуць з 7 па 10 сакавіка.

Валерый Ухналёў: “У першую чаргу мы будзем вылучаць туды, дзе будуць нашы кандыдаты. А нашых кандыдатаў будзе ад 200 да 300 чалавек на розныя ўзроўні саветаў”.

Гэтак жа абяцае паступіць і старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Аляксей Янукевіч:
“Дзе будуць нашы кандыдаты вылучацца — мы будзем закрываць усе ўчасткі. З разліку таго, што ў нас плануецца каля 140 кандыдатаў, я думаю, што пад 300 чалавек ва ўчастковыя мы будзем вылучаць”.

І не трэба, кажа, разважаць на тэму актыўнасці ці неактыўнасці апазіцыі.

Аляксей Янукевіч: “Гэта не задача Ярмошынай ці Цэнтрвыбаркама — ацэньваць, наколькі актыўныя апазіцыйныя партыі, наколькі іх варта ці не варта ўключаць. Ёсць партыя, ёсць людзі, гатовыя ад яе вылучацца — уключайце і ўсё!”

Вось толькі рэч у тым, што гатовых вылучацца не так лёгка знайсці. Людзей не хапае, і таму іх берагуць на вылучэнне туды, дзе іх знаходжанне можа хаця б тэарэтычна мець карысць.

У гэтым Еўрарадыё шчыра прызнаўся кіраўнік Мінскай абласной арганізацыі Партыі АГП Уладзімір Малярчук.

Уладзімір Малярчук: “Трэба ва ўчастковыя камісіі накіроўваць людзей. Таму мы трохі прыбераглі людзей, каб менавіта ва ўчастковыя вылучыць. А тут мы вылучалі, ды толькі не ўсё вылучылася”.

Кандыдатамі ў дэпутаты ад АГП па Мінскай вобласці пойдуць дзесьці 30 чалавек. Прыблізна ж столькі плануюць вылучыць і ва ўчастковыя камісіі. Што ж да слабой актыўнасці, то прывёў прыклад, як у Вілейцы не ўключалі ў склад камісіі іх вылучэнца без усялякіх тлумачэнняў прычын. Ну і, безумоўна, кажа, людзі проста баяцца “высоўвацца”.

Пра тое, як яго не ўключылі ў склад акруговай камісіі, расказаў Еўрарадыё і намеснік старшыні руху “За свабоду!” Віктар Карняенка. У якасці прыкладу таго, што трэба не проста браць удзел у вылучэнні сваіх людзей у камісіі, а канцэнтраваць рэсурсы. Калі кандыдат у дэпутаты выбірае сабе акругі і разам са сваімі аднадумцамі бярэ яе ў аблогу: і ў камісію сябры каманды вылучаюцца, і выбаршчыкаў “апрацоўваюць”.

Віктар Карняенка: “Трэба прымяняць такую канцэнтрацыю рэсурсаў на нейкіх пэўных акругах, пад нейкіх пэўных кандыдатаў. І тады можа быць некалькі эфектыўных кампаній і замацаванне апазіцыі на нейкім новым узроўні. Альбо будуць атрыманыя відавочныя факты парушэнняў дэмакратычнасці выбараў”.

Што ж тычыцца саміх выбараў, то, на думку Карняенкі, у нас ёсць каля 100 чалавек, якія здольныя правесці вельмі эфектыўныя выбарчыя кампаніі. Але ці стануць яны дэпутатамі і колькі ўвогуле апазіцыянераў атрымаюць дэпутацкі мандат, прагназаваць не стаў.

Фота: http://bymedia.net/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі