TIBO-2019: ці ёсць што цікавага на найбуйнейшай IT-выставе Беларусі
У Мінску ў 26 раз праходзіць тэлекамунікацыйная выстава TIBO. Колькасць удзельнікаў сёлета значна зменшылася нават у параўнанні з мінулым годам — іх усяго 73. Вялікую частку складаюць універсітэты і прадстаўнікі розных міністэрстваў.
Пісаць пра тое, што найбуйнейшая IT-выстава ў IT-краіне стагнуе і паступова губляе інтарэс ад буйных гульцоў рынка і звычайных спажыўцоў, ужо не модна. Як і ўспамінаць пра тое, што яшчэ 10-12 гадоў таму ўдзел у TIBO бралі вядомыя сусветныя кампаніі, на стэндах можна было ўбачыць навінкі індустрыі камунікацый і сучасных тэхналогій. Цяпер усё змянілася. І выстава калі і прадстаўляе інтарэс, то толькі для бізнесу.
Чалавек, які цікавіцца тэхналогіямі, зверне ўвагу на усяго некалькі кампаній і стэнды мабільных аператараў.
Вялікую зону заняў кітайскі гігант Huawei. Акрамя рашэнняў для бізнесу і абсталявання для сетак 5G, кампанія прывезла свае флагманскія мабільныя тэлефоны, якія займаюць першыя месцы ў рэйтынгах лепшых мабільных камер свету. А каб дакладна стварыць чэргі, паставілі і гульнявы аўтамат, у якім можна было выцягнуць новы планшэт ці іншы гаджэт.
Паглядзець можна было і на электратранспарт у беларускім выкананні. На адным са стэндаў паказвалі перароблены кітайскі мінівэн, у якім выкарыстоўваецца беларускі электрычны рухавік. А ў іншым куце выставы можна было ўбачыць сумесную распрацоўку беларусаў і кітайскага канцэрна Zotye. Набыць кампактны электрычны аўтамабіль можна за 38 000 беларускіх рублёў.
А калі правоў няма, то можна паглядзець у бок электравеласіпедаў. “Віцязь” паказаў перадпрадажную версію такога транспартнага сродку. Прадстаўнікі кампаніі распавялі, што навінка ўжо хутка з’явіцца ў магазінах і будзе каштаваць 1250 рублёў (без НДС). Гэта крыху танней, чым іншыя прапановы на рынку ад вядомых брэндаў.
Традыцыйна паставілі свае стэнды беларускія мабільныя аператары.
Аўстрыйска-беларускі velcom/A1 не толькі распавядаў пра тарыфы і паслугі, але і паказваў працу сеткі 5G, адначасова транслюючы 18 патокаў відэа ў FullHD-якасці. Прадстаўнікі кампаніі адзначылі, што яны ўжо досыць даўно вядуць перамовы з дзяржавай пра запуск сетак новага пакалення, якія толькі-толькі пачынаюць з’яўляцца ў свеце.
Абазначылі сваю прысутнасць аператары МТС і life:), які быў прадстаўлены ў якасці міжнароднай кампаніі пад агульным брэндам Lifecell. Дарэчы, пра перайменаванне беларуска-турэцкага аператара гаворка ідзе ўжо досыць даўно.