Томас Андэрс не ведае пра выступ на “Дыскатэцы 80-х” у Мінску?

Томас Андэрс усё ж выступіць на “Дыскатэцы-80-х” у Мінску (відэа)

Менеджар былога ўдзельніка Modern Talking Томаса Андэрса спрабуе адмяніць продаж квіткоў на “Дыскатэку-80-х “Зорная містэрыя”, якая мусіць адбыцца ў Палацы Спорту 4 красавіка. Справа ў тым, што пра канцэрт у Мінску спявак даведаўся ад... беларускіх прыхільнікаў і кантрактаў ні з кім не падпісваў.

“Як хтосьці можа прадаваць квіткі на канцэрт, калі артыст пра яго нічога не ведае, — здзіўляецца менеджар Андэрса Лутц-Райнэр Зайдэль. — Калі ў нас няма кантрактаў, няма ганарару, няма нічога!”.

Лутц-Райнэр дадае, што ўжо даслаў некалькі лістоў арганізацыям, якія распаўсюджваюць квіткі, але продаж не спыняецца.

“Інфармацыя,  датычная арганізатара мерапрыемства, — канфідэнцыйная, — каментуе намеснік дырэктара Ticketpro Вікторыя Рачынская. — Магу вам сказаць, што ў арганізатара ёсць гастрольнае пасведчанне на правядзенне гэтага мерапрыемства. То бок, калі чалавек дае нам гастрольку, мы не маем права не прадаваць квіткі. І ўжо сам арганізатар адказвае за тую інфармацыю, якую ён нам дае”.

Арганізатар “Зорнай містэрыіКанстанцін Зыкаў пераконвае Еўрарадыё, што хвалявацца няма чаго. З заяўленых артыстаў толькі Яўген Осін можа не прыехаць, бо ў яго праблемы з насавымі пазухамі і ён пакуль у бальніцы. Пытанне экс-удзельніка Modern Talking, на яго думку, вырашальнае.

“Сапраўды, ёсць пэўныя несастыкоўкі паміж менеджментам Томаса Андэрса і кампаніяй, з якой мы заключылі пагадненне, — агучвае праблему Канстанцін. — Усіх заходніх зорак нам вязе адна кампанія, з якой у нас кантракт. Яны нешта там не паразумеліся з адміністрацыяй Томаса Андэрса. Але мы актыўна займаемся гэтым пытаннем, у панядзелак ужо будзе поўная яснасць”.

Лутц-Райнэр Зайдэль ведае пра аўстрыйскую кампанію, з якой нібыта і падпісана пагадненне на прыезд спевака. Але і тут выплываюць дзіўныя недарэчнасці:

“Гэтая аўстрыйская кампанія адказала мне, што не мае ніякіх кантрактаў. А я, як менеджар Томаса, не маю кантрактаў ні з аўстрыйскай кампаніяй, ні з беларускімі лакальнымі арганізатарамі, ні з якімі-небудзь расійскімі пракатчыкамі. Адпаведна, я не ведаю нічога і пра сам канцэрт”.

На афіцыйнай старонцы культавага нямецкага музыкі бліжэйшы запланаваны канцэрт толькі 26.04.2014 у нарвежскім Осла. Лутц-Райнэр Зайдэль дадае Еўрарадыё, што калі арганізатары дашлюць прапанову з нармальнымі ўмовамі, то яшчэ не позна ўсё выправіць. Але пакуль Томас Андэрс дакладна не паедзе ў Мінск.

Тым часам арганізатары прызнаюцца, што ўжо прададзена каля 70% квіткоў. Асноўны “бум” пакупнікоў традыцыйна чакаецца на апошнія перадканцэртныя два тыдні.

На “Дыскатэцы 80-х “Зорная Містэрыя” 4 красавіка заяўлены выступ Sabrina, Алёны Апінай, Міхаіла Мурамава, Яўгена Осіна, Томаса Андэрса, гуртоў Desireless, “Рок Острова” і Kaoma. Праўда, колькі з іх сапраўды прыедзе, застаецца невядомым.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі