Tonqixod выдае "Прадмову" на CD
Музыкі прэзентуюць альбом на фізічных носьбітах падчас сустрэчы ў кнігарні "ЛогвінаЎ".
Гурт Tonqixod выдае свой дэбютны альбом "Прадмова" на CD . Першыя асобнікі з аўтографамі музыкаў можна будзе набыць 15 красавіка падчас сустрэчы з гледачамі і прэсай у кнігарні "ЛогвінаЎ", якая пачнецца у 18 гадзін.
"Выданне дыскаў цяпер рэдкасць, яны — нешта сярэдняе між цацкай і рэліквіяй. Мы і раней падумвалі пра такі крок, але рашыцца на яго нас канчаткова пераканала ацэнка альбому экспертнай супольнасцю", — тлумачаць крок музыкі гурта.
Адмысловым госцем аўтограф-сесіі будзе рарытэтны аналагавы сінтэзатар "Палівокс", які браў непасрэдны ўдзел у стварэнні альбома "Прадмова". Інструмент быў выраблены яшчэ ў часы СССР на Качканарскім заводзе. Яго можна будзе паглядзець, памацаць і паслухаць.
Падчас сустрэчы таксама можна будзе набыць квіткі на канцэрт гурта, які пройдзе ў мінскім Тэатры беларускай драматургіі 20 красавіка. Нагадаем, у гэты дзень музыкі дадуць першы вялікі сольнік. Гэта прыз ад грамадскай кампаніі "Будзьма беларусамі!" за перамогу ў намінацыі "Найлепшы беларускамоўны альбом" на ўзнагародах сайта Experty.by, дзе "Прадмова" таксама была адзначаная як "Найлепшы рок-альбом" і "Найлепшы дэбютны альбом".
Квіткі: ад 80 да 120 тыс. руб.
Продаж: Ticketpro.by, Kvitki.by, Bileti.by, Bycard.by, а таксама ў касе тэатра.
Інфалінія: (029) 687 20 93
Каса тэатра: (017) 385 97 51, (029) 154 04 44.
Паводле прэс-рэлізу