Топ-5 навінаў тыдня
Лукашэнка: У Беларусі затрымалі баевікоў, якія рыхтавалі правакацыю са зброяй
У Беларусі затрымалі баевікоў, якія рыхтавалі правакацыю са зброяй. З такой заявай 21 сакавіка выступіў Аляксандр Лукашэнка падчас працоўнага візіту ў Магілёў.
Па словах кіраўніка краіны, адзін лагер баевікоў знаходзіўся непасрэдна ў Беларусі “ў раёне Бабруйска і Асіповічаў”. Астатнія – ва Украіне, Літве і Польшчы.
Па “справе баевікоў” затрымалі каля двух дзясяткаў чалавек.
Затрыманні адбыліся адразу пасля таго, як у аўторак Аляксандр Лукашэнка заявіў, што сілавікі арыштавалі баевікоў, якія рыхтавалі правакацыі са зброяй.
Так, у Бабруйску затрымалі адразу пяцярых сябраў спартовага клуба "Патрыёт". Сярод затрыманых апынуліся баец спецназа і ратавальнік з МНС. Таксама за краты патрапілі былыя актывісты “Белага легіёну”.
У Беларусі напярэдадні Дня Волі працягваецца масавая хваля затрыманняў грамадскіх актывістаў. Так, у чацвер затрымалі аднаго з лідараў “Руху за свабоду” Алеся Лагвінца. Палітыка моцна збілі. У яго зламаны нос і чэрапна-мазгавая траўма.
Таксама у Мінску затрымалі лідара прадпрымальнікаў Анатоля Шумчанку і кіраўніка руху "Разам" Вячаслава Сіўчыка. Прычым Сіўчыка затрымалі на пахаванні яго дзядзькі. Акрамя іх толькі сёння ў няволі апынуліся яшчэ каля дзясятка чалавек.
У панядзелак стала вядома, калі ў Беларусі пройдзе беларуска-расійскае стратэгічнае вучэнне "Захад-2017". Па словах міністра абароны нашай краіны Андрэя Раўкова, яно запланавана з 14 па 20 верасня.
Адзначым, што ў панядзелак Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў задуму гэтага вучэння. Паведамляецца, што яно будзе мець “абарончы характар”. Дарэчы, з боку Расіі ў вучэнні возьмуць удзел каля 3 тысяч вайскоўцаў і 280 адзінак баявой тэхнікі, у тым ліку 25 самалётаў.
У Курапатах у бліжэйшы час створаць мемарыяльны комплекс. Пра гэта ў пятніцу падчас наведвання Лідскага раёна заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Па яго словах, гэта будзе месца пакланення людзям, якія там загінулі. Кіраўнік краіны распавёў, што ён ужо загадаў стварыць невялікі мемарыял у выглядзе капліцы. Цяпер ідзе конкурс.