Топ-5: навіны 22 траўня
Бацька Яўгена Палтаржыцкага: З СІЗА сын прыйшоў здаровы, але настрой прыгнечаны
Фігурант “справы патрыётаў” Яўген Палтаржыцкі пераведзены пад хатні арышт. Цягам двух месяцаў ён знаходзіўся ў следчым ізалятары КДБ.
Па словах бацькі хлопца, з сынам ён змог паразмаўляць усяго 30 хвілін, і той прынцыпова адмовіўся казаць хоць нешта, датычнае яго справы.
Нагадаем, што маладога чалавека затрымалі 21 сакавіка. Спачатку хлопца вінавацілі ў падрыхтоўцы “масавых беспарадкаў”, пазней да гэтага дадалося яшчэ і стварэнне “незаконнага ўзброенага фармавання”.
Беларусь займае 18-е месца ў свеце сярод экспарцёраў узбраенняў. Пра гэта заявіў старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Сяргей Гурулёў.
Па яго словах, за год Беларусь прадала на экспарт узбраенняў на 1 мільярд долараў. Найбольш шчыльнае супрацоўніцтва ў гэтай галіне з Расіяй і Кітаем.
Гурулёў адзначыў, што айчынная прамысловасць арыентуецца на ўзбраенні, якія патрэбны беларускаму войску і запатрабаваны на знешнім рынку.
22 траўня Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы са старшынёй Следчага камітэта Іванам Наскевічам агучыў скандальную гісторыю, якая здарылася з мэрам Оршы.
Леаніда Пянькоўскага на гэтую пасаду прызначылі ў траўні 2017-га. Прайшло некалькі дзён, і да яго ў дом з вобшукам прыйшлі міліцыянты.
Па словах Лукашэнкі, праваахоўнікі не маюць права ўрывацца ў дом чалавека, якога прызначыў кіраўнік краіны.
Расія здымае санкцыі з дзевяці беларускіх прадпрыемстваў. Пра гэта заявіў міністр сельскай гаспадаркі Расіі Аляксандр Ткачоў.
Па яго словах, гаворка ідзе пра два прадпрыемствы па перапрацоўцы мяса і сем малаказаводаў. А вось перамовы наконт зняцця санкцыяў з астатніх беларускіх фірм пройдуць толькі на наступным тыдні.
Ткачоў падкрэсліў, што Расія чакае, каб Беларусь узмацніла кантроль за сыравінай і гатовай прадукцыяй.
91 кіламетр Прыпяці ўсё ж здалі ў арэнду “Мазырскаму таварыству рыбаловаў”. Гэта адбылося нават нягледзячы на тое, што мясцовыя рыбакі сабралі больш за 5 тысяч подпісаў супраць такой здзелкі.
Аднак нават пасля абвяшчэння вынікаў аўкцыёну рыбаловы заявілі, што яны не збіраюцца спыняцца і чакаюць адказу ад чыноўнікаў.