Торт з кілбасы і марафонскі бег: Максім Знак сустрэў дзень народзінаў у калоніі
Максім Знак у студыі Еўрарадыё / Euroradio
Юрыст, палітвязень Максім Знак, сустрэў чарговы дзень народзінаў у зняволенні. Ён расказаў, як правёў гэты дзень, у лісце да блізкіх. Мы прыводзім кароткія вытрымкі з гэтага неверагодна жыццесцвярджальнага ліста Максіма.
"Я хачу паведаміць, што ДР адбыўся і прайшоў выдатна. Зранку я вырашыў спалучыць марафонскую традыцыю і прыкідку да сореваў. Ты ж помніш, што марафонцы бягуць у свой ДР столькі км, колькі ім гадоў. Таму да старасці марафонцы мацнеюць і робяцца ультрамарафонцамі. Я 41 км за 55 хвілін дакладна не змог бы прабегчы, таму вырашыў паспрабаваць 41 круг. Для гэтага давялося б бегчы па 4:30 кіламетр, што для мяне без трэнераванняў і з нагой хуткавата. Але я паспрабаваў. У выніку апошняе кола бегаў "віртуальна" — па шляху са стадыёна, але ў цэлым не памёр", — піша Знак.
А яшчэ ў дзень народзінаў ён зрабіў для сябе незвычайны торт: "па коле — кілбаса, потым баструма, мяса сушанае, а зверху — чалавечак з лустачак сала". Праўда, такая, як піша Максім, "вугляводная разгрузка" адбылася не таму, што ён не любіць салодкае — проста забыўся купіць яго ў крамцы пры калоніі, калі была магчымасць.
"Сёння фарматаваў торбы, спрабую пазбаўляцца непатрэбных. Хачу з часам стаць як Дыяген, якому хапала кубка, а мне — лыжкі. Магчыма, зразумею дзэн", — піша Знак.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.