Тозік заклікае ўсміхацца і ратаваць ад дэградацыі беларускую медыцыну
Віцэ-прэм'ер Анатоль Тозік перакананы, што актуальныя праблемы ў ахове здароўя трэба вырашыць на працягу двух гадоў.
"Калі не вырашым, то ахова здароўя не ўтрымае дасягнуты ўзровень і ёсць пагроза дэградацыі галіны, — цытуе словы Тозіка "Интерфакс-Запад". — На бліжэйшыя гады трэба вырашыць галоўную праблему ў галіне — праблему заробкаў медперсанала". Паводле яго слоў, з красавіка 2014 года на 40% павялічыцца заробак участковым лекарам і медперсаналу хуткай меддапамогі.
Таксама віцэ-прэм'ер лічыць магчымым павелічэнне заработнай платы медыкаў за кошт сумяшчальніцтва. Анатоль Тозік лічыць, што лекары і медсёстры павінны больш добразычліва адносіцца да пацыентаў. "І вы дапамагайце дзяржаве — усміхайцеся", — сказаў ён, звяртаючыся да медыкаў, якія прысутнічалі на паседжанні калегіі Міністэрства аховы здароўя.
Фота — bymedia.net