Трамп пагадзіўся стаць кандыдатам ад рэспубліканцаў і выступіў з прамовай

Дональд Трамп 

Дональд Трамп  / Reuters

Былы прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у чацвер увечар пагадзіўся стаць кандыдатам у прэзідэнты ад Рэспубліканскай партыі. Гэта адбылося на агульнанацыянальным з'ездзе рэспубліканцаў у Вісконсіне. Перад дэлегатамі ён выступаў з павязкай на галаве, расказвае "Голас Амерыкі". Нагадаем, пяць дзён таму ў Трамп стралялі, паранілі ў вуха.

Трамп заявіў прыхільнікам, што знаходзіцца тут "з ласкі Усемагутнага Бога" — ён "цудам выжыў" падчас замаху. "Я пачуў гучны свісцячы гук і адчуў, як нешта стукнула мяне вельмі, вельмі моцна па правым вуху. Я сказаў сабе: "Вау, што гэта было? Гэта можа быць толькі куля", — распавёў ён прыхільнікам на з'ездзе. А потым дадаў: "Мяне не павінна было быць тут". Аўдыторыя закрычала ў адказ: "Ты павінен быць тут!".

У сваёй прамове Трамп шмат казаў пра эканоміку і крытыкаваў дзейнага прэзідэнта Джо Байдэна. Ён заявіў, што падчас яго (Трампа) прэзідэнцтва інфляцыі не было, затое былі паніжаныя падаткі. Ён паабяцаў яшчэ знізіць падаткі і адначасова скараціць федэральны доўг. Акрамя таго Трамп паабяцаў вярнуцца да рашэння праблемы міграцыі і дабудаваць сцяну на мяжы з Мексікай. Экс-прэзідэнт таксама абвінаваціў Байдэна і яго адміністрацыю ў стварэнні "міжнародных крызісаў", да якіх ён аднёс "жахлівую вайну" Расіі з Украінай. Яе б не здарылася б, "калі б я быў прэзідэнтам", заявіў Трамп. "Пры прэзідэнце Трампе Расія не захапіла нічога", — заявіў ён.

Выбары прэзідэнта ЗША запланаваны на 5 лістапада.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі