“Трансавіяэкспарт”: Петухоў сышоў ад нас, каб зарабляць вялікія грошы

Беларускі пілот, затрыманы ў Тайландзе, ужо больш за 11 гадоў падпрацоўвае палётамі за мяжой Больш за 10 гадоў таму Міхаіл Петухоў працаваў у беларускай кампаніі “Трансавіяэкспарт” бортінжынерам. Пра гэта Еўрарадыё даведалася ад намесніка дырэктара кампаніі Ігара Богдана:

“Грамадзянін Петухоў Міхаіл Інакенцьевіч працаваў у нас з 1995 па 1998 год, і ўсё. А там развітаўся з намі і пайшоў на “вольны хлеб”. Пайшоў зарабляць вялікія грошы”

Нарадзіўся  Міхаіл Петухоў у 1955 годзе ў вёсцы Ігнацьева ў Іркуцкай вобласці. Скончыў Іркуцкую вайскова-тэхнічную вучэльню. Потым яго, кажа Богдан, хутчэй за ўсё, размеркавалі ў Віцебск, дзе Петухоў перавучыўся на бартавога тэхніка і пачаў працаваць на вайсковай базе. Адтуль ён і трапіў на “Трансавіяэкспарт”.

А вось адшукаць цяперашняга “працадаўцу” Міхаіла Петухова будзе вельмі цяжка. Хутчэй за ўсё, экіпаж наняў менавіта ўладальнік самалёта, мяркуе Ігар Богдан. Аднак падобных “ІЛаў” у свеце больш за 800 штук. Да таго ж, самалёт маглі зарэгістраваць у нейкай падстаўной авіякампаніі.

Ігар Богдан: “Магчыма, былі нейкія праблемы там, дзе яны былі зарэгістраваныя раней. У Расіі вельмі высокія патрабаванні да эксплуатацыі самалётаў, да правільнасці гэтага ўсяго. Таму каб уладальнікам самалёта не плаціць вялікія грошы за гэта, яны пераходзяць у іншыя кампаніі ды краіны, дзе можна зарэгістраваць самалёт”.

Аднак як даведалася Еўрарадыё, з авіакампаніяй “Вэстджорджыя”, на імя якой быў зарэгістраваны Іл-76, не ўсё “чыста”. Нумары тэлефонаў кампаніі ў Маскве на самой справе належаць да рэстарана аэрапорта “Ўнукава”. У Грузіі ж кампанія зарэгістравана на адрас, якога ўвогуле не існуе.

Таму адказваць за наймальнікаў прыйдзецца менавіта пілотам. Хаця тыя хутчэй за ўсё сапраўды не ведалі, што вязуць, лічыць Ігар Богдан:

“Экіпаж мог не ведаць, што вязе. Ім сказалі, што гэта тавары народнага спажывання. Загрузілі ў гэтых скрынях і сказалі: “Пункт прызначэння – там, ляціце”. І яны паляцелі. У дакументах у іх пазначана будаўнічыя матэрыялы ці цацкі нейкія – Бог яго ведае. Яны ж адчыняць гэта не будуць і правяраць, што там ляжыць. Яны не маюць права”

Намеснік дырэктара “Трансавіяэкспарта” ўпэўнены, што калі б канфіскавалі самалёт разам з грузам, гэта было б хоць нейкім пакараннем для яго ўладальнікаў. Аднак пакуль тайландская Феміда імкнецца выкрыць віну пілотаў.

Нагадаем, у нядзелю 13 снежня тайландскія ўлады затрымалі самалёт Іл-76 з 35 тонамі зброі на борце. Камандзірам экіпажа называюць грамадзяніна Беларусі Міхаіла Петухова. Між тым беларускае Міністэрства замежных справаў заяўляе, што Петухоў не быў камандзірам карабля.

Фота: rus.delfi.lv

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі