Трэці тыдзень урад вырашае, трэба сертыфікаваць губкі для посуду ці не
Пастанова Саўміна № 666 абавязвае пастаўшчыкоў замежнай прадукцыі праводзіць яе санітарна-гігіенічную экспертызу. Без гэтага гандляваць таварамі нельга. Прайшоў амаль месяц, а пастаўшчыкі бытавой тэхнікі, аўтазапчастак, бытавой хіміі разводзяць рукамі: пастанова ёсць, плана дзеянняў няма.
“Калі ваша прадукцыя падпадае пад пералік, вам трэба звярнуцца ў лабараторыю, ці нашу, ці лабараторыю навукова-практычнай лабараторыі, – тлумачаць у “Рэспубліканскім цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя”. – Там правядуць адбор прадукцыі, даследаванні і выдадуць пратакол. З гэтым пратаколам разам з іншымі дакументамі трэба звярнуцца на афармленне санітарна-гігіенічнага заключэння”.
Неабходны пералік дакументаў раяць паглядзець на сайце. Агучваюць кошты: афармленне дакументаў каштуе 200-300 тысяч рублёў, а вось лабараторныя даследаванні могуць каштаваць і пад 4 мільёны за партыю і вышэй.
Быццам бы ўсё проста: вось грошы, вось прадукцыя, вось пакет дакументаў…
Але ў пастаўшчыка бытавой хіміі кампаніі “Ромакс” (сетка крамаў “Востраў чысціні”) пытанняў зашмат. Прадстаўнікі кампаніі асабіста ездзілі на кансультацыю ў Цэнтр гігіены з простым пытаннем – якую прадукцыю трэба сертыфікаваць дадаткова, якую – не. Толку не дабіліся! Ім параілі напісаць… запыт. Прайшло два тыдні – адказу з Міністэрства аховы здароўя дагэтуль няма! Прадукцыя ляжыць на складзе замарожаная, кампанія губляе час, губляе грошы.
“Калі напісаць агульна "прадукцыя, якая кантактуе з ежай", дык гэта –вельмі шырока. Пра тыя ж губкі для посуду – нам ніхто не адказвае адназначна. Чакаем адказу з міністэрства”, – кажуць Еўрарадыё ў кампаніі.
Імкненне дзяржавы абараніць спажыўца ад няякаснай прадукцыі тут падтрымліваюць. Але ніяк не зразумеюць: навошта дубляваць дакументы аб санітарнай экспертызе, якія і так выдаюцца беларускімі лабараторыямі?
“У прыватнасці, у нас ёсць прадукцыя, на якую мы робім дэкларацыю адпаведнасці. А тут атрымліваецца, зноў трэба рабіць такі ж амаль дакумент!”
Пастаўшчык аўтазапчастак ды бытавой хіміі "Аўтаспэйс" таксама ўказвае на адсутнасць алгарытму дзеянняў:
“Частку тавараў не завозім, бо няясна, як працаваць. Гэта аўтахімія, вадкасці розныя, антыфрызы”.
Тут чакаюць дадатковых тлумачэнняў ад Міністэрства аховы здароўя.
“Ёсць рашэнне аб дадатковай мытнай пошліне на падшыпнікі калодкі (дэталі аўто). Калі імпарцёр не можа даказаць, што падшыпнік выраблены ў Еўропе, мусіць заплаціць 40% пошліны. То бок падшыпнік становіцца даражэйшым для спажыўца адразу на 50%!”.
Таму пакуль недарагія падшыпнікі вазіць перасталі, асартымент зменшыўся.
З аднаго боку, пастанова № 666 прынятая на карысць беларускага вытворцы. Але той сам да такога не гатовы!
“У нас ёсць “Мінскі падшыпнікавы завод”, і мы звярталіся да іх некалькі разоў, давалі дамовы і вялікія аб'ёмы працы, гатовыя падтрымліваць айчынных вытворцаў! А ў выніку што пачулі?“Вам лепей закупіцца недзе яшчэ, вам будзе дорага ў нас рабіць такія падшыпнікі, якія вам трэба”.
Такі парадокс: з аднаго боку, улады абараняюць айчыннага вытворцу, з іншага – сам вытворца не гатовы задавальняць патрэбы айчыннага рынку.