Трэснуты трыумвірат: ці мае Цапкала падставы крыўдзіцца на Ціханоўскую?
Ці ёсць месца крыўдам у трыумвіраце? / штаб Віктара Бабарыкі
Святлана Ціханоўская гатовая "прайсці" ўсе крыўды да Веранікі Цапкала. Тая ёй адказвае: "У мяне іх [крыўдаў] няма".
На Канферэнцыі ў Вільні жонка Валерыя Цапкалы кажа: "Я ішла са Святланай на прэзідэнцкіх выбарах. Я разам з ёй стаяла на сцэне. Як бачыце, сёння я з ёй не стаю на сцэне. Я сяджу ў адным шэрагу з ёй, але не на сцэне".
Ці мае Вераніка Цапкала падставы крыўдзіцца? Напрыклад, за нібыта перацягнутую "палітычную коўдру"? За тое, што на сцэне ў Вільні была не яна, а Ціханоўская?
— Калі разважаць, то [ў 2020 годзе] людзі пайшлі за трыумвіратам, за нейкай аб'яднанай жаночай фігурай, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё псіхолаг Наталля Скібская. — Быў уклад і Веранікі Цапкала, і Марыі Калеснікавай, і Святланы Ціханоўскай.
Падставы для крыўды зразумелыя. Таму што гэта была трыядная фігура, за якой пайшлі людзі. Але гэта ж таксама быў сімвал. Усё ж такі яе [Святланы Ціханоўскай, якая была на той момант кандыдатам у прэзідэнты] фігура была падмацаваная Марыяй і Веранікай. Яны падтрымлівалі яе, і гэта было вельмі выдатна.
— Але хто каго кінуў? Класна хадзіць на прыгожыя мітынгі, калі цябе радасна сустракае народ, — працягвае псіхолаг. — Але ў самыя цяжкія моманты Веранікі не было побач са Святланай. Таму Святлана шчыра сказала пра ўзаемныя крыўды, якія назапасіліся.
Добра гэта сумленна прызнаць і стартаваць з гэтага месца. Маўляў, "давай высветлім адносіны". Нам усім, у прынцыпе, нядрэнна б навучыцца высвятляць адносіны. Не выкідаючы нейкія свае крыўды, а ўсведамляючы, на што я пакрыўджаны, і кажучы праз рот, адкрыта.
З іншага боку, зразумела, што не ўсё гэта магчыма. Таму што ёсць такі момант, што Святлана Ціханоўская быццам бы як адкрытая для зносін, але, з іншага боку, — велізарны плот у выглядзе штаба, прэс-сакратароў і гэтак далей. Прабіцца да зносін складана.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.