Трох магілёўцаў вінавацяць у выкраданні чалавека
Тры жыхары Магілёва трапілі пад следства па абвінавачанні ў выкраданні чалавека групай асоб паводле папярэдняй змовы. Крымінальную справу на іх пачаў Магілёўскі міжраённы аддзел Следчага камітэта.
Як паведамляецца на сайце Следчага камітэта, абвінавачанымі сталі дзве жанчыны — 36 і 25 гадоў, а таксама 26-гадовы мужчына.
Здарэнне адбылося ўвечары 3 лістапада 2017 года. Абвінавачаныя падманам і гвалтам выкралі пацярпелую, пасадзілі ў аўтамабіль і вывезлі ў лес каля вёсці Салтанаўка Магілёўскага раёна. Там яны збілі жанчыну, прымусілі яе зняць з сябе практычна ўсю вопратку, а потым абстрыглі ёй валасы.
Выявілася, што матывам для злачынства стала рэўнасць. Адна з абвінавачаных патлумачыла, што пацярпелая нібыта мела блізкія адносіны з яе сужыцелем.
Абедзвюх жанчын і мужчыну ўзялі пад варту.