Трусаў: Ядвіга Грыгаровіч была сапраўднай беларускай патрыёткай
Старшыня Таварыства беларускай мовы распавядае пра сваю шматгадовую супрацоўніцу.
Гісторыя яе жыцця ў сённяшніх рэаліях здаецца немагчымай. Пра Ядвігу Грыгаровіч распавядае яе шматгадовы супрацоўнік Алег Трусаў, выкладчык, старшыня Таварыства Беларускай мовы.
Еўрарадыё: Якой у вашай памяці застанецца Ядвіга Грыгаровіч?
Трусаў: “Яна застанецца ў маёй памяці сумленнай беларускай, патрыёткай, смелым і прынцыповым чалавекам, які змагаўся за нашую мову, культуру, нацыянальнае адраджэнне”.
Еўрарадыё: Цягам пятнаццаці год яна ўзначальвала універсітэт. Гэта былі даволі складаныя для Беларусі часы. Як у яе гэта атрымлівалася?
Трусаў: “Па-першае, яна была абраным рэктарам. На пачатку беларускай незалежнасці рэктараў ніхто не прызначаў, іх абіралі. Такім чынам, Ядвіга Грыгаровіч заставалася рэктарам больш за пятнаццаць гадоў, пакуль хвароба не прымусіла яе сысці з гэтай пасады. Яна была адзіным сумленным рэктарам з тых, якіх я ведаў, які прынцыпова вёў усе сходы і справаздачы па-беларуску”.
Еўрарадыё: А якая была сітуацыя з выкладаннем?
Трусаў: "Большасць выкладчыкаў выкладала па-беларуску. Напрыклад, на маёй кафедры трынаццаць выкладчыкаў, і мы ўсе выкладаем па-беларуску. Я нават кітайцаў вучу па-беларуску”.
Еўрарадыё: Ці шмат людзей прыйшло на пахаванне Ядвігі Грыгаровіч?
Трусаў: “Людзей было вельмі шмат, было шмат выкладчыкаў, студэнтаў. Людзей сабраўся поўны касцёл. І гэта калі ўлічваць, што на час летніх вакацыяў многія выехалі на адпачынак”.
Еўрарадыё: Ці маглі б вы ўзгадаць нейкі выпадак з жыцця Ядвігі Грыгаровіч?
Трусаў: “Яна была жанчынай з добрым пачуццём гумару, умела і любіла пажартаваць. Але была і прынцыповай. Па-беларуску размаўляла заўжды, нават у Верхняй палаце Парламенту. Тады нават Лукашэнка назваў яе беларускай патрыёткай і нацыяналісткай. Яна ж не здраджвала беларушчыне ні пры якіх абставінах”.
Еўрарадыё: Ці праўда, што Ядвіга была жонкай былога старшыні КДБ?
Трусаў: “Так, гэта праўда. Я добра ведаю яе мужа, яны абодва з Магілёўшчыны. Ён быў яе першым каханнем. Ён, у параўнанні з іншымі працаўнікамі КДБ, — чалавек вельмі дэмакратычных поглядаў і патрыёт Беларусі”.
Еўрарадыё: З якой сям’і паходзіла спадарыня Ядзвіга?
Трусаў: “Яна паходзіла са шляхецкай сям’і, якая мела ва ўласнасці засценак у Бабруйскім раёне. Яе беларускасць перадавалася з пакалення ў пакаленне. Яна сама мне распавядала, як бацькі прывівалі ёй беларускі патрыятызм. І пасля яе застаўся найбольш беларускі па духу універсітэт”.
Фота — bymedia.net