“Туды любіць ездзіць Лукашэнка”: ААЭ будуць выдаваць Польшчы злачынцаў

Павел Латушка расказаў пра перспектывы арышту Лукашэнкі

Павел Латушка расказаў пра перспектывы арышту Лукашэнкі / @rubanau_collage

Народнае антыкрызістнае ўпраўленне сумесна з літоўскімі партнёрамі падрыхтавала справаздачу, дзе зафіксавала ад мая 2020 года па май 2023-га 136 тысяч ахвяраў злачынстваў супраць чалавечнасці. Пра гэта ў эфіры Еўрарадыё расказаў кіраўнік НАУ Павел Латушка:

“Гэта забойствы, гвалт, сексуальны гвалт, палітычны пераслед і гэтак далей. Фактычна, адным з элементаў гэтага злачынства супраць чалавечнасці з’яўляецца прымусовая дэпартацыя. Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека зафіксаваў у сваіх справаздачах, што больш за 100 тысяч беларусаў былі прымусова дэпартаваныя на тэрыторыю суседніх краінаў і іншых краінаў свету”.

Латушка ўдакладняе, што “дэпартацыя — гэта не толькі калі вас сілком выкінулі за мяжу”, гэта таксама стварэнне ўмоваў, якія прымушаюць людзей пакідаць тэрыторыю краіны свайго грамадзянства: “Што і робіцца цяпер у Беларусі. Бо калі ў Беларусі масавыя рэпрэсіі, гвалт, палітычны пераслед, затрыманні, арышты, забойствы па палітычных прычынах, людзі вымушаныя выязджаць. І гэта трактуецца як дэпартацыя!”

Палітык кажа, што ўжо ёсць прэцэдэнт, які сёння разглядаецца Міжнародным крымінальным судом: справа Бангладэш і М’янмы. 

Латушка звярнуў увагу, што днямі Польшча падпісала з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі пагадненне пра выдаванне злачынцаў з тэрыторыі ААЭ:

“Фактычна, тыя, хто знаходзіцца на тэрыторыі Эміратаў, могуць выдавацца Польшчы, калі ў Польшчы распачатыя крымінальныя справы. І такія справы ў Польшчы ёсць. І яны датычаць грамадзянаў Беларусі, якія здзейснілі злачынствы ў дачыненні да беларусаў.

Чаму я гэта згадаў? Бо туды любіць ездзіць Лукашэнка, яго світа, якія лічаць, што гэта бяспечная для іх краіна. Дык вось ужо не будзе, калі ў польскага пракурора ляжыць справа на канкрэтную асобу”.    
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі