Турфірмы прапануюць гадавыя візы ў Шэнген за 200 еўра. Ці законна гэта?
За 200 еўра агенцтвы гатовыя знайсці вам родных у Польшчы і правесці курс па тым, што казаць на мяжы, каб не было праблем з яе праходжаннем.
На пад’ездзе вісіць аб’ява: “Мульцішэнген у Шэнген у чысты пашпарт без рэгістрацыі, адбіткаў пальцаў, без даведак з банка і месца працы”. Ну проста казка! Ні табе марнавання часу ў чарзе, ні хваляванняў. Вось грошы — вось пашпарт з мульцішэнгенам.
Тэлефануем і трапляем у агенцтва “Еўравізатур”. У чысты пашпарт кансультант Кацярына прапаноўвае паставіць нацыянальную польскую візу. На яе не трэба здаваць адбіткі пальцаў.
“У чысты пашпарт — віза гадавая, гасцявая. Мы робім яе два месяцы, гэта каштуе 200 еўра, ставяць з гарантыяй. Асабістая падача, але гэта асобная чарга, максімум 5-10 чалавек, і чарга праходзіць вельмі хутка”, — тлумачыць дзяўчына.
Адсутнасць сваякоў і знаёмых у Польшчы агенцтва не турбуе: яны самі знойдуць вам “родных” палякаў і дашлюць агенцтву запрашэнне. А там ужо справа ў капелюшы.
“Вам неабавязкова ведаць гэтых людзей. Яны пацвярджаюць свае даходы, жыллёвую плошчу, куды можна вас запрасіць, і плацяць за вас ваш консульскі збор. Таму так доўга і робіцца віза”, — кажа Кацярына. Мала таго, што доўга, дык яшчэ і дорага. Колькі гэта каштуе агенцтву, Кацярына не кажа, маўляў, камерцыйная таямніца.
У турфірме адразу папярэджваюць, што, каб на мяжы не ўзнікла пытанняў і праблем, трэба дзейнічаць па наступных правілах:
"Першы раз варта ехаць асабістай машынай, цягніком, аўтобусам — любым транспартам, акрамя турыстычных аўтобусаў, — быццам вы едзеце ў госці”.
У Консульстве Польшчы Еўрарадыё распавялі, што "ўсе спробы пасярэдніцтва" яны ацэньваюць "крайне негатыўна".
Агенцтва “Віза ўсім” прапаноўвае ў чысты пашпарт паставіць паўгадавы іспанскі ці французскі шэнген. І нават вучыць, што трэба казаць на мяжы, калі раптам узнікнуць пытанні.
“Кажаце, што спачатку ў Польшчу па справах, а потым у Іспанію, да прыкладу. У нас з Іспаніяй чаргі няма, таму не можа быць пытанняў”, — паўгадавы турыстычны іспанскі “мульцік” каштуе “вельмі танна і выгадна”: усяго 160 еўра (дзе 60 еўра — консульскі збор, 28 еўра — сервісныя паслугі і 1,2 мільёна рублёў — аплата паслуг агенцтва) — і віза ў кішэні. Здаваць пальцы на іспанскі шэнген не трэба.
Турыстычная віза ў літоўскім візавым цэнтры
Паставіць шматразовую візу можна і ў афіцыйным візавым цэнтры пасольства Літвы. Нават у пусты пашпарт. Але толькі турыстычную і з прыярытэтным прыбываннем у Літве.
“Літоўцы паставяць турыстычную шматразовую візу. Такая ў вас будзе мэта паездак, адбіткі трэба будзе здаваць, — тлумачыць супрацоўніца літоўскага цэнтра Эвеліна. — Прыярытэтнай краінай знаходжання ў вас будзе Літва. Калі плануеце часцей быць у Польшчы, значыць, дакумент трэба рабіць праз Польшчу”.
У сярэднім жа шэнгенскую візу можна зрабіць, заплаціўшы да 200 еўра.
Нагадаем, з 23 чэрвеня пры падачы дакументаў на шэнгенскую візу абавязкова здаваць адбіткі пальцаў.