Turkish Airlines мяняе назву
На фюзеляжах турэцкіх самалётаў будзе напісана Türkiye Hava Yolları / Reuters
Нацыянальная авіякампанія Турцыі мяняе назву. Гэтую навіну паведаміў прэзідэнт краіны Рэджэп Таіп Эрдаган, піша "Медуза". З гэтага часу замест англійскага варыянту Turkish Airlines будзе выкарыстоўвацца турэцкі: Türkiye Hava Yolları. У перакладзе на беларускую ў абодвух выпадках гэта значыць "Турэцкія авіялініі".
"Turkey больш няма, ёсць Türkiye. З гэтага часу на фюзеляжы нашых самалётаў мы будзем пісаць Türkiye Hava Yolları замест Turkish Airlines", — сказаў Эрдаган.
Нагадаем, што ў пачатку чэрвеня ААН ухваліла запыт Турцыі на змену назвы краіны ў афіцыйных дакументах — з Turkey на Türkiye. Менавіта такая назва мусіць з гэтага часу выкарыстоўвацца на міжнароднай арэне. Раней Эрдаган ужо заклікаў шырэй выкарыстоўваць слова Türkiye. У прыватнасці, ён прапаноўваў пісаць "Made in Türkiye" замест "Made in Turkey" на турэцкіх таварах, якія пастаўляюцца на экспарт.
Нагадаем, што з пачатку вайны Расіі супраць Украіны Turkish Airlines перасталі лётаць у Беларусь. Апошні раз авіякампанія падоўжыла адмену рэйсаў у Мінск да канца ліпеня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.