Партыя Эрдагана прайграла мясцовыя выбары ў Турцыі
Паслявыбарчы мітынг у Стамбуле
У Турцыі апазіцыйная Народна-рэспубліканская партыя (НРП) абышла на мясцовых выбарах партыю прэзідэнта краіны Рэджэпа Таіпа Эрдагана. Яна перамагла ў муніцыпалітэтах 36 з 81 правінцыі, у тым ліку ў найбуйнейшых гарадах, уключаючы Анкару, Стамбул і Ізмір. У прыватнасці, мэр сталіцы Мансур Яваш захаваў пасаду і абышоў суперніка з кіроўнай партыі з ашаламляльнай розніцай у 25%, піша Еўраньюс.
Народна-рэспубліканская партыя — найстарэйшая дзейная партыя ў Турцыі, яна прытрымліваецца левацэнтрысцкага курсу. У цэлым НРП набрала 37,7% галасоў. У партыі Эрдагана — 35,5%. Яўка на выбарах склала 78,5%.
Эрдаган ужо назваў вынікі мясцовых выбараў "паваротным момантам" і паабяцаў заняцца "самакрытыкай". Паводле яго слоў, ён мае намер прааналізаваць пасланні, з якімі да яго звярталіся людзі падчас перадвыбарнай кампаніі і "абавязкова зрабіць неабходныя крокі".
Назіральнікі звязваюць найбуйнейшую за 20 гадоў няўдачу Эрдагана і яго партыі на гэтых выбарах з эканамічнай сітуацыяй у краіне. У мінулым месяцы інфляцыя ў Турцыі дасягнула 70%. І, здаецца, яна будзе расці і далей. Акрамя таго, апазіцыя згуляла на незадаволенасці грамадзян аўтарытарнай палітыкай прэзідэнта.
Адзначым, што Эрдаган падчас гэтых выбараў разлічваў вярнуць кантроль над ключавымі гарадамі. Але ў Стамбуле, да прыкладу, пост захаваў 53-гадовы Экрэм Імамоглу, ён таксама вылучаўся ад НРП. Ён разглядаецца як адзін з кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2028 года. Эрдаган, згодна з Канстытуцыяй, не мае права больш балатавацца. Але эксперты дапускаюць, што што ён можа паспрабаваць змяніць Канстытуцыю, каб зноў пераабрацца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.