"Тут можна спакойна жыць". Рэпартаж з чарнобыльскай зоны

"Тут можна спакойна жыць". Рэпартаж з чарнобыльскай зоны

"Усе хочуць толькі крытыкаваць, пісаць, як там дрэнна. Падаваць гарачыя факты. Але мы шмат робім, ствараюцца працоўныя месцы. Давайце паедзем, і вы ўсё самі ўбачыце. Трэба і пра дасягненні казаць. Каб вы разумелі, што ёсць дзяржаўная праграма развіцця забруджаных тэрыторый, і яна выконваецца", ― прыкладна такім чынам у Дэпартаменце па барацьбе з наступствамі аварыі на Чарнобыльскай АЭС пераконваюць журналістаў паехаць у забруджаныя радыяцыяй раёны. Пераканалі. Але нават падчас наведвання паказальных прадпрыемстваў і гаспадарак узнікае мноства пытанняў.

 

"Тут можна спакойна жыць". Рэпартаж з чарнобыльскай зоны
Фермер Мікалай Чубянок

Фермер са справы "“Мілкавіта” супраць журналіста Карманава"

Малочная ферма Мікалая Чубянка знаходзіцца ля самай мяжы радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Ад зоны адсялення да кароўнікаў ― усяго некалькі кіламетраў. Каровы ходзяць па зялёнай траве. Пры жаданні іх можна сфатаграфаваць на фоне "зоны". Год таму Мікалай Чубянок, а разам з ім ААТ "Мілкавіта", якая купляе ў Чубянка малако, праславіліся на ўсю краіну. Журналіст агенцтва "Асашыэйтэд Прэс" Юрась Карманаў узяў у Чубянка паўтара літра малака, адвёз у Мінск і здаў у гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі на аналіз. Ён паказаў, што малако нельга ужываць, таму што яно ўтрымлівае ў дзесяць разоў больш стронцыя-90, чым гэта дапушчальна па нормах.

"Я вельмі цяжка перажыў гісторыю з публікацыяй Карманава. Захварэў, жонка страціла дзіця. Вось так вось у нас усё адбылося. Шчыра кажучы, у мяне няма ніякага жадання з вамі размаўляць. Мы яго з усёй душой прынялі, усё паказалі і расказалі. А з намі так па свінску паступілі... Наша малако неаднаразова праходзіла ўсе аналізы, ніколі нічога не знаходзілася. І пасля гэтай публікацыі некалькі разоў бралі малако на аналізы. Заўсёды было нашмат менш нормы. У два разы менш. Мы корм для кароваў завозілі з Мінскай вобласці. З Вілейкі, з Мядзела. У нас былі праблемы з кармамі і ў мінулым годзе, мы яго куплялі", ― расказвае фермер.

Пасля публікацыі матэрыяла Карманава Дэпартамент па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС правёў сваю праверку, якая не выявіла ў малацэ Чубянка перавышэння па стронцыі. "Мілкавіта" падала на журналіста ў суд. Разбіральніцтва ішло да канца 2016 года, суд стаў на бок "Мілкавіты". Юрася Карманава абавязалі напісаць абвяржэнне і аплаціць судовыя выдаткі. Асноўная прэтэнзія ― малая колькасць малака, якую журналіст здаў на экспертызу. Усяго паўтара літра, калі па нормах трэбна цэлых тры.

Пытаюся ў Чубянка, чаму ён вырашыў заняцца фермерствам побач з такім небяспечным аб'ектам. "Я у Мінску жыў раней, цяпер сюды прыехаў. Сам родам адсюль, таму і пераехаў", ― кажа фермер. Праз секунду прызнаецца, што закупачныя цэны на малако ў Хойніцкім раёне на 10% вышэйшыя, чым у іншых рэгіёнах. Акрамя яго, тут працуюць яшчэ 22 фермеры. За апошнія пяць гадоў колькасць фермерскіх гаспадарак у раёне павялічылася ў чатыры разы. Малако здаюць на мясцовы філіал "Мілкавіты", 80% прадукцыя ідзе на экспарт у Расію. "Усё з нашым малаком, сырам і іншым добра. Людзі купляюць, мы самі таксама", ― расказваюць на малочным заводзе.

Заробак на заводзе жалезабетонных канструкцый

"Два гады таму былі моцныя пажары тут. Паніка паднялася, людзі дзяцей не выпускалі на вуліцу. Але потым памералі фон, усё нармальна", ― расказвае дырэктар школы ў аграгарадку Сцерлічава. З 2014 года ў школе ёсць гурток "Эдэльвейс", тут старшакласнікі на падораным швейцарцамі абсталяванні праводзяць замеры прадуктаў харчавання на радыёактыўнасць. Прыносяць з дому садавіну, гародніну, малако, ягады, грыбы. За час існавання гуртка дзеці зрабілі 214 аналізаў, перавышэнне нормы знайшлі ў 14 выпадках. У асноўным ― у сушаных грыбах. "Людзі ведаюць, што трэба прамываць прадукты, у чым радыёнукліды накапліваюцца. Настаўнікі праводзяць класныя гадзіны, прасвечаныя гэтаму. Спецыялісты з запаведніка да нас прыязджаюць. Раз на год усіх дзяцей абавязкова правяраюць медыкі, дыспансэрызацыя адбываецца. Хваробы знаходзяць, лечаць адразу. У выніку, у нас тут хворых дзяцей менш, чым на іншых тэрыторыях. Вы, можа, не паверыце нават", ― працягвае дырэктар школы.

Вучні ладзяць паказальны аналіз. Заліваюць у швейцарскі апарат прынесенае з дома малако. Машына выдае паказчык ― 34 бекерэлі на літр. Нормы дапускаюць 100 бекерэляў.

Яшчэ больш пра малако расказваюць у хойніцкім філіяле "Мілкавіты". "80% нашай прадукцыі ідзе на экспарт у Расію. Сыры, малако. 80%, разумееце? А там усё правяраюць, каб толькі чаго не трапілася. І ніводнага разу не было так, каб знаходзілі нешта", ― дырэктар малаказавода асабіста водзіць журналістаў па прадпрыемстве. Паказвае лабараторыю, вытворчасць сыроў і сыроваткі, нават дазваляе паглядзець, як правяраюць малакавозы на КПП. "Некалькі разоў было так, што малако нам не падыходзіла па нормах. Мы адмаўляліся прымаць. Куды яго пастаўшчыкі падзелі, мы не правяраем", ― расказваюць супрацоўнікі прадпрыемства. Прозвішча Карманаў тут таксама выклікае шквал эмоцый.

Яшчэ адзін флагман прамысловасці Хойнікаў ― завод жалезабетонных вырабаў. Прадпрыемства уражвае. Новыя сучасныя механізмы, кацельная з камп’ютарамі, продаж прадукцыі за мяжу, у Расію. "У нас чарга, каб працаўладкавацца сюды. Сярэдні заробак дасягае 800 рублёў", ― расказвае адзін з кіраўнікоў завода. Праўда, калі падысці да выпадковага рабочага, маладога спецыяліста, то можна пачуць, што яго заробак крыху іншы ― 250-300 рублёў. Тое, што жыллём у Хойніках забяспечваюць усіх маладых спецыялістаў, таксама выклікае ў рабочых усмешкі.

Ліквідатар без льгот

Ля невялікага манумента ў памяць аб ахвярах чарнобыльскай катастрофы у Хойніках вучні мясцовай школы ускладаюць кветкі, побач ― ліквідатары. Ліквідатары ўсе як адзін хваляць дзяржаву і ўлады за праграму адраджэння забруджаных тэрыторый. Пераконваюць, што ўсім задаволеныя. Пазней мы даведваемся, што гэтыя людзі у 1986-м займаліся адсяленнем і іншымі арганізацыйнымі момантамі, працавалі ў мясцовых органах улады. З ліквідатарам, які ў красавіку 1986-га года быў звычайным пажарным, мы размаўляем увечары ў мясцовым музеі.

"Тут можна спакойна жыць". Рэпартаж з чарнобыльскай зоны
Былы пажарны-ліквідатар, а цяпер проста пацярпелы, Мікалай Міхайлоўскі.

"Я на вайне не быў, але выглядала гэта ўсё, як сапраўдная вайна. Верталёты, эвакуацыя. Страшна было... Мы ездзілі тушыць тарфянікі, пажары туды, дзе цяпер зона. І дыму нахапаліся, і ўсяго. Тады яшчэ не было запаведніка... У жніўні 1986-га я ажаніўся, мы так і жылі тут побач. У Брагінскім раёне. А цяпер мы нават і не ліквідатары. Так, пацярпелыя. Льготы былі. І добрыя льготы. А цяпер няма... Крыўда ёсць, вядома. Але, відаць, гэта такая неабходнасць. У нас тут у раёне кожны другі быў ліквідатарам. Усім не хапала, відаць... Льготы паступова адмянялі. Цяпер толькі падаходны падатак крыху меншы. Раней медыкаменты былі ― што бясплатна, што са зніжкай. Камунальныя паслугі на 50% таннейшыя. Цяпер нічога... Гады ідуць, здароў'е пагаршаецца. Суставы баляць. Але неяк жывем", ― расказвае былы пажарны Мікалай Міхайлоўскі.

Час ад часу ліквідатар замаўкае і глядзіць некуды за спіны журналістам. Там стаіць намесніца кіраўніка райвыканкама Жанна Чарняўская. Яна энергічна жэстыкуюе, спрабуе накіраваць ліквідатара ў правільнае русла. "Чаму тут крыўдзіцца? Мы вось таксама з гэтага раёна. Давайце і мы будзем крыўдзіцца. Давайце і нам таксама 50% зніжкі на камунальныя паслугі. Льготы замянілі на дзяржаўную праграму развіцця чарнобыльскіх раёнаў. Па ёй, напрыклад, будуецца льготнае жыллё. Калі б гэтыя сродкі не акумулявалі, то нічога б гэтага не было. Напэўна, людзям крыўдна. Але людзям нешта ж дае гэта ўсё", ― кажа чыноўніца журналістам.

Бізнэс у радыелагічным запаведніку

У красавіку 1986 года у Хойніцкім раёне жыло амаль 46 тысяч чалавек. Цяпер ― менш за 20 тысяч. Пры гэтым амаль 13 тысяч чалавек жывуць у саміх Хойніках. Значная частка раёна занятая Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведнікам, які падзелены на дзве зоны ― 30-кіламетровую зону адсялення (забруджаную плутоніем і амерыцыем) і зону, забруджаную толькі стронцыем і цэзіем, дзе супрацоўнікі запаведніка могуць весці эксперыментальна-гаспадарчую дзейнасць. І вядуць. Па словах дырэктара запаведніка Пятра Кудана, у мінулым годзе дзякуючы ёй зарабілі каля чатырох мільярдаў старымі рублямі. Прадаюць дрэва, таксама гандлююць коньмі. Кіраўніцтва запаведніка і Дэпартамента запэўнівае: уся прадукцыя правераная, і пагрозы здароўю не нясе. "Калі атрымаць чыстую прадукцыю, то можна яе прадаваць. І самае галоўнае, каб не баяліся апрацоўваць землі, якія знаходзяцца побач з запаведнікам. Паказаць, што можна тут рабіць", ― пераконвае дырэктар Дэпартамента Аляксандр Ціток.

"Тут можна спакойна жыць". Рэпартаж з чарнобыльскай зоны

Бізнес у запаведніку ў асноўным круціцца вакол гандлю драўнінай. "40% драўніны адпавядае нормам. Мы ў асноўным ставім навуковыя задачы. А вось Аляксандр Іванавіч (кіраўнік дэпартамента Ціток, ― Еўрарадыё) ставіць задачы эфектыўнага выкарыстання рэсурсу, які мы задзейнічаем на атрыманне гэтай пазабюджэтнай прадукцыі. Што, нашым супрацоўнікам будзе дрэнна, калі мы замест чатырох будзем мець восем мільярдаў? Вы ведаеце, сёння наша дзяржава вялікія выдаткі мае праз гэтую радыяцыю і катастрофу. І не можа нам забяспечыць тую абарону матэрыяльную ў поўнай меры. А калі ёсць магчымасць і нам недзе паварушыцца, то што ў гэтым дрэннага?" ― перакананы дырэктар запаведніка. Кіраўнікі дэпартамента і запаведніка кажуць, што ніводзін кубаметр лесу не выедзе за межы запаведніка, калі будзе перавышаць норму па забруджанні. А нарыхтоўваюць драўніну толькі на тых участках, дзе "усё даўно даследавана і чыста". Драўніну прадаюць насельніцтву Хойнікцага раёна. Кажуць, што яна карыстаецца попытам. У тым ліку праз тое, што мае ніжэйшы кошт.

Але ўсё ж застаецца не да канца зразумелым, навошта весці бізнэс за калючым дротам, які хавае радыяцыйна-экалагічны запаведнік ад больш чыстых земляў. Тым больш, што ва указе кіраўніка краіны ад 2013.01.21 №41 "Аб Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведніку" у эксперыментальна-гаспадарчай зоне дапускаецца толькі "правядзенне высечак прамежкавага карыстання (пры ўмове адпаведнасці утрымання радыенуклідаў у драўніне рэспубліканскім дапушчальным узроўням)". У запаведнай зоне весці загатоўку драўніны увогуле забаронена. Яшчэ ёсць нюанс з амерыцыем. Даследаванні па забруджанасці тэрыторыі запаведніка гэтым радыеактыўным элементам толькі пачынаюцца, і гарантаваць яго адсутнасць ў драўніне, якая прадаецца, цяжка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі