TUT.by: успышка каранавіруса зарэгістраваная ў Стаўбцоўскім доме-інтэрнаце
Успышка каранавіруса зафіксаваная ў Стаўбцоўскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце для састарэлых і людзей з інваліднасцю, піша TUT.by. Супрацоўнікі інтэрната паведамілі журналістам, што хвароба дыягнаставаная як у людзей, якія пражываюць у інтэрнаце, так і ў медыкаў.
Афіцыйнага пацвярджэння гэтай інфармацыі няма.
Дом-інтэрнат размяшчаецца ў вёсцы Куль, за 45 кіламетраў ад Стоўбцаў. Там жывуць каля 500 чалавек і працуюць каля 300 супрацоўнікаў — як мясцовыя жыхары, так і з Івянца ды Валожына.
Ананімна медыкі паведамілі, што першыя захворванні тут выявілі напрыканцы сакавіка. У інтэрнацкіх пакоях жывуць па 4-6 чалавек. Тэмпература спярша з'явілася ў іх, а потым захварэлі медсёстры і санітары, якія працавалі нават без масак і пальчатак, не кажучы пра спецыяльныя касцюмы. "На 100 пражываючых у нас шэсць іртутных тэрмометраў, якімі мы вымяраем тэмпературу. Адна медсястра магла зрабіць да 70 уколаў. Можаце ўявіць, у якім кантакце былі пражываючыя і медработнікі", — кажуць медыкі.
У другой дэкадзе красавіка чатырох чалавек з інтэрната шпіталізавалі ў лякарню з высокай тэмпературай і падазрэннямі на пнеўманію. Пазней у аднаго з іх пацвердзіўся COVID-19. Пасля гэтага хворых пражываючых адсялілі ў асобны жылы корпус, разлічаны на 70 чалавек.
Тым не менш супрацоўнікі кажуць, што дагэтуль у у інтэрнаце няма падзелу на брудную і чыстую зоны. А да нядаўняга часу неставала і сродкаў абароны.
Дырэктар інтэрната Юрый Каласоўскі ад каментароў журналістам адмовіўся.
Як паведамляла Мінздароўя, па стане на раніцу 30 красавіка ў нашай краіне зарэгістравана 14 027 выпадкаў заражэння COVID-19. Памерлі 89 чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.