TUT.BY: Затрыманы яшчэ адзін заслужаны будаўнік Беларусі
Праваахоўнікі затрымалі дырэктара ААТ "Упраўленне механізацыі №79" Сяргея Старасветава, паведамляе tut.by са спасылкай на свае крыніцы і Следчы камітэт.
Паведамляецца, што Старасветава затрымалі 11 траўня, у яго 64-ы дзень нараджэння.
Прычыны затрымання невядомыя. Адзін з суразмоўцаў журналістаў выказаў меркаванне, што затрыманне "прама ці ўскосна можа быць звязанае з праблемамі пры эксплуатацыі тэхнікі".
Афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта Юлія Ганчарова заявіла журналістам, што справу пачаў Заводскі райаддзел Следчага камітэта Мінска. Крымінальныя справы за хабарніцтва ў буйным памеры пачатыя на дырэктара акцыянернага таварыства і прадстаўніка замежнага суб'екта гаспадарання.
Па звестках следства, кіраўнік беларускага прадпрыемства атрымаў ад прадстаўніка замежнай кампаніі 5000 еўра за вырашэнне пытання пра пералічэнне грошай за пастаўленае абсталяванне. Абодва падазраваныя ўзятыя пад варту. Следствам высвятляе акалічнасці супрацьпраўных дзеянняў, даследуе фінансава-гаспадарчую дзейнасць суб'ектаў гаспадарання.
"УМ №79" — найбуйнейшае ў Беларусі ўпраўленне па эксплуатацыі вежавых кранаў. Кампанія мае больш за 220 вежавых кранаў, больш за 25 аўтамабільных кранаў, 100 адзінак іншай тэхнікі (гусенічныя краны, грузапасажырскія пад'ёмнікі ды інш.). Ва ўпраўленні працуюць каля 600 чалавек.
"УМ №79" удзельнічала або дагэтуль удзельнічае ў будаўніцтве або рэканструкцыі такіх буйных аб'ектаў, як БелАЭС у Астраўцы, мінскі стадыён "Дынама", будаўніцтва жылых дамоў у мікрараёнах Мінска.
17 лістапада 2014 года Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў Старасветава ганаровым званнем заслужанага будаўніка Беларусі.
Як паведамлялася раней, напрыканцы 2017 года праваахоўнікі затрымалі яшчэ аднаго заслужанага будаўніка Беларусі — шматгадовага дырэктара Круглянскай ПМК-266 Мікалая Патрончыка. 7 траўня ён памёр у лякарні, куды яго даставілі з СІЗА.