Тыдзень беларускай кухні: адно беларускае меню і кошты на ўсе кавярні!
З 7 снежня больш за сотню мінскіх кавярняў распачалі Тыдзень беларускай кухні. Што самае цікавае ― дадатковае меню з беларускіх страў усюды аднолькавае: дранікі з каўбасой па-вясковаму (90 000), салат са смажанай грудзінкі і гародніны альбо бульбянікі з грыбамі пад смятанным соўсам (50 000), курыная поліўка з часночнымі грэнкамі альбо сырнікі з арэхамі і мядова-журавінным соўсам (40 000). І нават кошты аднолькавыя, незалежна ад узроўню кавярні!
Кошты на беларускую кухню ў штодзённым меню ўдзельнікаў акцыі могуць адрознівацца. Яны могуць быць як вышэй (“Карчма старавіленская”, “Кружкі”), так і ніжэй (“Хатняя трапеза”, “Шляхецкі маёнтак”), чым у прапанаваным акцыйным. Пры гэтым, як правіла, стравы са спецпрапановы адсутнічаюць у асноўным меню кавярняў і рэстаранаў.
Як даведалася Еўрарадыё, над складаннем спісу страў Тыдня беларускай кухні працавалі спецыялісты Галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынка Мінгарвыканкама сумесна з рэстаратарамі і шэф-паварамі, якія займаюцца ў Мінску беларускай кухняй.
Начальнік аддзела грамадскага харчавання Вольга Езапенкава сцвярджае, што адзінае меню ― гэта і ёсць… фішка!
Вольга Езапенкава: “У гэтым і сэнс акцыі, каб па адзіным кошце, адзінай рэцэптуры і па адзінай тэхналогіі. Каб мог наведнік у любым адміністрацыйным раёне горада прыйсці і пакаштаваць у рэстаране ці кавярні стравы па адным і тым жа кошце, аднолькава прыгатаваныя”.
Паводле слоў Вольгі Езапенкавай, кавярні могуць прапанаваць і сваё меню, тут у коштаўтварэнні ніхто не абмяжуе.