Тысяча еўра за таксі: як тутэйшыя нажываюцца на “палітуцекачах” з Каўказа

Нямецкае выданне Deutsche Welle праехалася на вядомым цягніку Брэст — Тэрэспаль, які штодня курсуе паміж Беларуссю і Польшчай. Палова з пасажыраў, якіх нямецкія журналісты знайшлі ў вагоне, прыехала ў Беларусь з расійскага Паўночнага Каўказа: Чачні, Інгушэціі, Паўночнай Асеціі і Дагестана. Пасля перасячэння мяжы з ЕС яны адразу ж просяць статус уцекача.

Deutsche Welle: “Паводле дадзеных польскай памежнай службы, 90% усіх заяваў на атрыманне прытулку робяцца пасля перасячэння мяжы на кавалку Брэст — Тэрэспаль. У першай палове 2013 года прытулак папрасілі 9 тысяч 500 чалавек: 8 тысяч 730 былі расійскага паходжання. Гэта амаль удвая больш, чым летась”.

Большасць з каўказцаў, якія высаджваюцца ў Тэрэспалі, мала цікавяцца Польшчай. Усе яны хочуць ехаць далей на Захад, у заможныя краіны. Гэта пацвярджае і тое, што расіяне з’яўляюцца лідарамі па колькасці заяваў на атрыманне прытулку не толькі ў Польшчы, але і ўвогуле ў Еўропе. Напрыклад, за першыя сем месяцаў 2013 года ў Германіі паспрабавалі асесці 10 тысяч чачэнцаў — больш, чым разам узятых грамадзян Сірыі і Афганістана, агорнутых войнамі.

На Германію, дарэчы, ціснуць і з іншага фронту, паўднёвага. Італія, Грэцыя і Мальта, куды часцей за ўсё плывуць уцекачы з Афрыкі, самі не могуць усіх прыняць. Таму і просяць Берлін дапамагчы. Увесну Італія нават аплачвала ўцекачам квіткі ў Германію. Што праўда, і тут іх асабліва не чакаюць.

“Германія не жадае прымаць новых уцекачоў, і нямецкія чыноўнікі зараз патрабуюць дадатковыя бар’еры ад мігрантаў, якія высаджваюцца ў іншых краінах, а пасля прабіраюцца да, нібыта, лепшага жыцця ў самых развітых эканоміках Еўропы”,піша GlobalPost.

Калі ж вярнуцца да тэмы каўказцаў, якія ірвуцца ў Еўропу праз Беларусь, дык, у асноўным, называць іх уцекачамі не выпадае, лічыць Філіп Мемхэс з польскага выдання Rzeczpospolita:

“Галоўны фактар, які штурхае людзей да эміграцыі з Чачні, — гэта проста беднасць. Гэтага зусім мала, каб іх прыняць. У такой сітуацыі ім нічога не застаецца, як хітрыць. Кадыраў ім тут не дапаможа, як і польская дзяржава, якая не можа сабе дазволіць быць “добрым дзядзечкам” і парушаць міжнароднае заканадаўства”.

Цікава, што, згодна з Deutsche Welle, наплыў гасцей з Каўказа выгадны брэстаўчанам, якія пачалі зарабляць на мігрантах, прапаноўваючы тым жыллё ў арэнду. Прайс для адной сям’і за кватэру даходзіць да 100 долараў за суткі. Робяць бізнес на прыезджых і па іншы бок мяжы: Der Spiegel распавядае пра “жабрака”-чачэнца, які заплаціў польскаму таксісту тысячу еўра — толькі за тое, каб трапіць у Берлін.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі