Тысяча жыхароў Курасоўшчыны патрабуе пераліку галасоў
Яны не вераць афіцыйным вынікам і пісьмова пацвярджаюць, што на выбарах прагаласавалі за прадпрымальніка Дзмітрыя Уса.
Каля тысячы чалавек толькі з двух выбарчых участкаў (а ўсіх па Кастрычніцкай акрузе Мінска №17 — 9 і адзін спецыяльны) патрабуюць ад Цэнтральнай выбарчай камісіі зрабіць пералік галасоў. Яны абураныя і расчараваныя вынікамі мясцовых выбараў — адкуль узяліся такія неверагодныя лічбы?
Жанчына: "Расчараваныя, вядома! Вельмі расчараваныя! Увесь давер наш урад згубіў!"
Іншая жанчына: "Каго ні спытай сваіх знаёмых, усе толькі за Уса! Гэта ўжо якія выбары, якія заканчваюцца нічым — вось і ўся дэмакратыя!"
Бабуля: "У нас адна думка была — што будзе дэпутатам Ус!"
Іншая бабуля: "Тут трэба, каб добра хто капнуў — пасадзіць іх усіх!"
Пенсіянер: "Хам'ё там сядзіць на гэтых выбарах, калі яно ўжо столькі гадоў не прапускаюць чалавека!"
Верхняя частка аднаго з лістоў-зваротаў да ЦВК
Незалежны кандыдат Дзмітрый Ус ужо быў дэпутатам Мінскага гарадскога савета ў 1999 – 2003 гадах. А ў 2003 і 2007-м яго не зарэгістравалі кандыдатам увогуле. За сваё вылучэнне на апошніх мясцовых выбарах ён сабраў 5 тысяч подпісаў пры неабходных 150.
Але — пройгрыш! Афіцыйна ён набраў прыблізна 33% (каля 4,5 тысяч) галасоў, на 8% менш за старшыню прафсаюзнай арганізацыі завода "Інтэграл" Галіну Марціновіч.
Апытаныя жыхары акругі па-ранейшаму добра памятаюць Дзмітрыя Уса, а дэпутатаў з 2003 года нават і не бачылі.
Жанчына: "За колькі гадоў Ус быў адным кандыдатам, якога мы бачылі сваімі вачыма. Ён прыходзіў да людзей на вуліцу, вось сюды, і пытаў, якія праблемы. Ён непажаданы для ўладаў, бо грошы траціў, куды трэба людзям!"
Дзмітрый Ус паказвае сотні подпісаў за пералік. Сёння іх збіраюцца даслаць у Цэнтральны выбарчы камітэт.
Дзмітрый Ус: "Вось аналіз: 24 спецыяльны участак, шпіталь. У пратаколе мне намалявалі 28 подпісаў. Людзі сабралі 33 за перагляд. Выходзіць, у пратаколе меней лічба, чым за перагляд. Вось 90 кватэраў дом — 76 подпісаў за пералік. Па іншых дамах падобная сітуацыя".
Дзмітрый Ус паказвае сотні подпісаў за пералік галасоў.
Так выглядае адзін з лістоў-зваротаў да ЦВК
Давераная асоба Дзмітрыя Уса Яўгенія кажа, што на свае вочы бачыла, як сакратар адной з выбарчых камісій пераклала бюлетэні за Уса ў іншы стос.
Яўгенія: "Яна паўтонам спытала ў жанчыны, якая лічыла галасы, ці гэта бюлетэні за Уса. Яна двойчы прагнай рукой са стоса Уса пераклала ў іншы. Я сваімі вачыма бачыла, падняла скандал там. Мне сказалі, калі я не заткнуся, то міліцыянт выведзе за дзверы".
На тым самым участку былі факты, калі людзі прыходзілі галасаваць, а за іх ужо стаялі подпісы. Апрача таго, асобнага пераліку бюлетэняў з датэрміновым галасаваннем не было, адзначае Яўгенія.
Дзмітрый Ус прыводзіць прыклады з іншых участкаў.
Дзмітрый Ус: "На ўчастку 20 было 170 бюлетэняў на датэрміновым галасаванні. Вывернулі скрыню — там было мінімум 600-700. Міша, мая давераная асоба, пачаў фатаграфаваць. Яны паклікалі міліцыянта, сказалі: "будзеш фатаграфаваць — выведзем!".
Сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік паведаміў Еўрарадыё, што такая вялікая колькасць подпісаў выбарцаў за пералік галасоў беспрэцэдэнтная. Але заявы людзей разглядаць не будуць: адведзеныя законам тры дні пасля выбараў прайшлі.
Мікалай Лазавік: "Сёння ў нас 4-га. Усё — цягнік прайшоў. Хто не паспеў, той спазніўся. Можа ў Дзмітрыя Уса было арганізацыйнае ядро, якое папрацавала, і яно магло арганізаваць такое масавае незадавальненне"
Але ёсць доказы ініцыятывы знізу. Напрыклад, жыхары дома №34 па вуліцы Ландара правялі апытанне жыхароў дома і прадставілі Дзмітрыю Усу спецыяльную “даведку”.
Ліст ад жыхароў аднаго з дамоў Дзмітрыю Усу.
Ліст ад жыхароў аднаго з дамоў (адваротны бок)
Еўрарадыё правяло некалькі гадзін у дварах Кастрычніцкай акругі №17. Абсалютная большасць апытаных людзей галасавала за Дзмітрыя Уса, а імя афіцыйнага пераможца не ўзгадаў ніводны з апытаных жыхароў акругі — Галіну Марціновіч ніколі не бачылі і не чулі.
Жанчыны: "Мы не верым, не верым! У вочы мы не бачылі яе! Што за яна? У нас нават агітацыі не было за яе, і партрэту яе не вісела! Хто бы мог пайсці за яе галасаваць!? Хоць бы збор правяла! Вось Ус ладзіў збор, вельмі шмат было людзей, мы ўсе хадзілі!"
Дзмітрый Ус правёў 16 сустрэч у дварах, на якія прыходзілі па 60 і болей чалавек, разам — каля 1000 грамадзян. Запрашэнняў на сустрэчы з іншым кандыдатам, паводле словаў выбаршчыкаў, яны не бачылі.
Марыі Аляксееўне хутка 84 гады. Яна актыўна сачыла за мясцовай кампаніяй і абсалютна ўпэўненая, што галасы падрабілі.
Марыя Аляксееўна: "Подпісаў 500 было, а прагаласавала 300! Дык што гэта? Махінацыя нейкая! Махінацыя! Каго захацелі — таго і прапусцілі! Што тая жанчына? Як за яе маглі галасаваць, нават не бачыўшы? Дзе яны набралі столькі за яе галасоў?"
Марыя Аляксееўна і яе сяброўкі ўпэўненыя, што іх падманулі.
Еўрарадыё: "Вы за каго галасавалі на мясцовых выбарах?"
Жанчына, жыхарка дома: "За Уса!"
Еўрарадыё: "А ведаеце вынікі?"
Жанчына: "Не".
Еўрарадыё: "Ус не прайшоў".
Жанчына: "Ус не прайшоў? Ах, як шкада! Вы што!? А я думала, што яго выбралі!"
Іншая жанчына: "І я была ўпэўненая, што яго выбралі!"
Еўрарадыё: "Вы верыце вынікам галасавання?"
Жанчына: "Не, гэта падтасоўка!"
Іншая жанчына: "І я таксама не веру! Лічу, што ўсё гэта падтасоўка!"