У адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска пракаментавалі непрыемны пах
Жыхарам Лошыцы параілі не звяртаць увагі на "здагадкі і інсінуацыі" (ілюстрацыйнае фота)
У адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска пракаментавалі непрыемны пах. На яго скардзіліся жыхары Лошыцы.
"Жыхары выдатна ведаюць пра сезоннасць гэтых з'яў, але ўсё роўна часам з'яўляюцца здагадкі і інсінуацыі, якія нічога агульнага з рэчаіснасцю не маюць", — цытуе словы кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёна Рамана Мельніка minsknews.by. Ён падкрэсліў, што ў Лошыцы няма прадпрыемстваў, якія маглі б забруджваць паветра. Вясной жа ў мікрараёне адчуваўся непрыемны пах з-за сельскагаспадарчых работ, якія праводзяцца на палях, якія прымыкаюць да МКАД, заявіў Мельнік. А тым часам ужо не вясна, пачалося лета.
Кіраўнік адміністрацыі спрабуе супакоіць мясцовых жыхароў, калі кажа, што спецыялісты кантралююць сітуацыю: "Афіцыйна заяўляю, што ніводнага выпадку перавышэння адпаведных індэксаў якасці паветра па Лошыцы ў 2024 годзе ўстаноўлена не было".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.