На мастака, які прыйшоў на выставу голым, не пачалі крымінальную справу
Мінская міліцыя не стала распачынаць крымінальную справу ў дачыненні мастака Аляксея Кузьміча. У кастрычніку ён прыйшоў на сваю выставу ў Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва голым, прымацаваўшы на свой палавы орган таблічку з надпісам "Міністэрства культуры". Такім чынам Кузьміч пратэставаў супраць цэнзуры. Пасля яго акцыі Нацыянальны цэнтр сучаснага мастацтва заявіў, што мастак "дапусціў дзеянні, якія абражаюць Міністэрства культуры" і нанёс "значныя страты дзелавой рэпутацыі" цэнтра. Мастака выклікалі ў міліцыю, дзе распыталі падрабязна пра яго ўчынак.
З дакументаў, якія змясціў Аляксей Кузьміч на сваёй старонцы ў Facebook, вынікае, што намесніца дырэктара па творчай рабоце Нацыянальнага цэнтра сучаснага мастацтва Алеся Іназемцава патрабавала прыцягнуць мастака да крымінальнай адказнасці, паколькі ён здзейсніў "грубае парушэнне грамадскага парадку". Аднак пасля праверкі ніякай справы не распачыналі, паколькі "палавыя органы... не агаляліся і прысутным не дэманстраваліся", а выстава сарваная не была.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.