Тады Кузьміч пратэставаў супраць цэнзуры, ён прыкрываў палавыя органы шыльдай з надпісам "Міністэрства культуры". У Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва заявілі, што мастак "дапусціў дзеянні, якія абражаюць Міністэрства культуры", а таксама імі нанёс "значныя страты дзелавой рэпутацыі" цэнтра. Быў анансаваны выклік Аляксея Кузьміча ў міліцыю для дачы паказанняў.
Як распавёў Еўрарадыё мастак, у чацвер ён правёў дзве гадзіны ў апорным пункце міліцыі Савецкага раёна, у які напісалі скаргу.
"Міліцыянеры высвятлялі ўсе пікантныя пытанні, — кажа мастак. — Як там шыльдачка трымалася, ці была эрэкцыя, ці кранаў рукамі палавы орган і падобнае... у падрабязнасцях...".
Наконт таго, на чым трымалася шыльдачка, Кузьміч сказаў, што гэта "мастацкі сакрэт".
Са слоў следчага мастак даведаўся, што яго могуць абвінаваціць у хуліганстве. Таксама на яго ў суд збіраецца падаць цэнтр сучаснага мастацтва, пагражаюць вялікія штрафы.
"Пакуль буду планаваць выводзіць на размову прафесійную супольнасць... з кропкі гледжання мастацтва абмяркоўваць гэтую праблему, — распавядае Аляксей Кузьміч. — Хачу данесці, што мастак мае права на выказванне, на нейкі выхад. Таму што мастацтва — гэта заўсёды выхад за нормы, крытэрыі. Мастаку можна крыху больш, чым звычайнаму чалавеку".