У апазіцыі знайшліся 77 міністраў (фота)

У альтэрнатыўным урадзе Мілінкевічу прапанавалі МЗС, Воўчаку — міліцыю, фінансы — Раманчуку, эканоміку — Чаламу, а спорт — Парфяновічу. Першае пасяджэнне аргкамітэта па стварэнні альтэрнатыўнага ўрада, правядзенне якога ініцыяваў аргкамітэт БХД, пазіцыянавалася як арганізацыйнае. Павел Севярынец адразу папярэдзіў, што сёння дзяліць партфелі не будуць.

Павел Севярынец: “Адразу агаваруся, што мы не збіраемся ствараць яшчэ адну структуру. Нам альтэрнатыўны ўрад мысліцца, хутчэй, як кампанія. Сёння мы не будзем ствараць нейкіх кіраўнічых органаў, раздаваць партфелі і не будзем выбіраць прэм’ер-міністра. Сёння мы проста дадзім прапанову: як можна нават у сітуацыі некалькіх дэмакратычных кандыдатаў прадставіць адзіную дэмакратычную альтэрнатыву для Беларусі”.

І адразу ўсім прысутным раздалі пайменны спіс кандыдатаў на міністэрскія пасады ў альтэрнатыўным ўрадзе — усяго 77 чалавек! Так, партфелі ў Міністэрстве фінансаў прапанавалі аддаць Багданкевічу, Раманчуку і Чубрыку, у Мінэканомікі — Чаламу, Злотнікаву, Залескаму і Дзмітруку, у МЗС — Мілінкевічу, Саннікаву і Краўчанку, у Мінінфармацыі — Літвіной, Марцаву, Дынько, Старыкевічу і Сярэдзічу.






Для некаторых удзельнікаў пасяджэння было дзіўна знайсці сваё прозвішча ў гэтым спісе. Альбо не знайсці. Так, каардынатар “Хартыі ‘97” Зміцер Бандарэнка, не знайшоўшы свайго імя ў спісе міністраў, сышоў з сустрэчы. Яшчэ і клікаў за сабой Уладзіміра Някляева — нібыта пасада міністра культуры для таго “слабая”.



А журналіст Аляксандр Старыкевіч пазычыў арганізатарам найперш цікавіцца жаданнем людзей сесці ў міністэрскае крэсла.

Аляксандр Старыкевіч: “Шчыры дзякуй за тое, што вы мяне ў Міністэрства інфармацыі запісалі, але я — журналіст, і ў мяне няма ніякага жадання пераходзіць на дзяржаўную працу. Ні пры сённяшняй уладзе, ні пры будучай дэмакратычнай”.

Гэты выступ даў пачатак сапраўднай дыскусіі. Так, палітолаг Аляксандр Класкоўскі не пагадзіўся з падыходам, калі партфелі міністраў прапануюць толькі прадстаўнікам апазіцыі.

Аляксандр Класкоўскі: “Калі толькі з прадстаўнікоў тытульнай апазіцыі будзе сфармаваны, хай сабе піяраўскі, умоўны, урад, калі гэта будуць толькі акцыянеры пэўных партый і рухаў — то адразу будзе рэакцыя: “Ну вось, падзялілі партфелі ў межах свайго палітычнага гета”.

Афганец Аляксандр Камароўскі зазначыў, што яму ўсё адно, хто стане “адзіным”, хто ў рэшце з дэмакратаў стане прэзідэнтам і хто ўвойдзе ва ўрад. На яго думку, цяпер трэба думаць пра тое, як кансалідаваць грамадства і павысіць яго давер да апазіцыі. А Ўладзімір Мацкевіч выказаў неразуменне мэтаў, дзеля якіх, па вялікім рахунку, сабраліся сёння ўсе гэтыя вельмі паважаныя людзі.

Уладзімір Мацкевіч: “Мы сабраліся скардзіцца на тое, што ў нас няма дэмакратычных выбараў? Расказваць пра тое, што мы і так шмат гадоў ведаем? Дзеля гэтага не трэба было збіраць такую аўдыторыю, пра гэта можна пагаварыць на лавачцы ў скверы”.

І параўнаў абранне альтэрнатыўнага ўраду з гульнёй “Манаполія”, пагуляўшы ў якую і выйграўшы мільёны, удзельнікі ізноў разыдуцца па сваіх сацыялістычных прадпрыемствах.





Ініцыятары абрання альтэрнатыўнага ўрада выказалі спадзяванне, што яго стварэнне дапаможа апазіцыі аб’яднацца і абраць адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары. Прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду Мечыслаў Грыб выказаў сумнеў як у першым спадзяванні, так і ў другім. І параіў патэнцыял сабраных пад адным дахам адмыслоўцаў накіраваць на прапрацоўку будучых рэформ.

Мечыслаў Грыб: “Можа пакуль заўчасна прызначаць канкрэтных асоб на канкрэтныя пасады ў будучым кіраўніцтве? Лепш было б сёння акрэсліць тыя накірункі, у якіх павінен працаваць новы ўрад: у галіне эканомікі, сацыяльнай абароны грамадзян, правоў чалавека, нацыянальнай бяспекі і гэтак далей”.

Бо, кажа, не выключана, што новы прэзідэнт проста прызначыць на кіруючыя пасады сваіх людзей, не звяртаючы ўвагі на складзены цяпер спіс.





Прафесар Іван Нікітчанка, якому аддалі партфель міністра сельскай гаспадаркі, зазначыў, што людзям абыякава — хто ў краіне прэзідэнт і хто сядзіць у міністэрскіх крэслах. Галоўнае для народа — каб працавалі хлебзаводы і была гарачая вада ў радзільнях. Тым больш, кажа, што калі ў міністэрствах нешта і памяняецца, то толькі міністры — усе астатнія супрацоўнікі застануцца на сваіх пасадах дзякуючы досведу працы.



А лідэр партыі “Справядлівы свет” Сяргей Калякін заявіў, што, перш чым ствараць урад, трэба паспрабаваць вызначыцца з адзіным кандыдатам.

Сяргей Калякін: “Можна разглядаць альтэрнатыўны ўрад у тым выглядзе, у якім ён прапаноўваецца, толькі ў тым выпадку, калі мы дамовімся пра кааліцыйнага кандыдата ў прэзідэнты. Інакш гэтая сустрэча сэнсу не мае”.

Скептычна паставіўся да сённяшняй сустрэчы і Яраслаў Раманчук.

Яраслаў Раманчук: “Я да гэтага спісу стаўлюся, як да гульні адной групы людзей. Яны маюць на гэта права, і калі ім гэта падабаецца — няхай робяць! Конкурсаў прыгажосці можа быць шмат. Але ёсць прэзідэнцкая кампанія — вельмі сур’ёзная рэч. А паміж гэтай ініцыятывай і прэзідэнцкай кампаніяй я не бачу ніякай карэляцыі”.

І сказаў, што на наступнае пасяджэнне не пойдзе. Адбудзецца ж яно, па словах Паўла Севярынца, дзён праз 10. І праца працягнецца. Вось толькі невядома, колькі з сённяшніх прысутных на гэтае пасяджэнне прыйдзе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі