У Асіповічах гаварылі пра падрыхтоўку партызанскага руху на тэрыторыі Беларусі
Вось такое "народнае апалчэнне" рыхтуецца да вайны з NATO
У Асіповічах гаварылі пра падрыхтоўку партызанскага руху на тэрыторыі Беларусі. Кіраўнік Магілёўскай вобласці Анатоль Ісачэнка паўдзельнічаў у зборы па тэрытарыяльнай абароне старшынь раённых і гарадскіх выканкамаў, а таксама кіраўнікоў ваенных камісарыятаў. Ён лічыць, што "народнае апалчэнне можа стаць шырокім грамадскім рухам, ядром партызанскага руху на тэрыторыі Беларусі ў выпадку ваеннай агрэсіі". Насамрэч "шырокага руху" не атрымаецца, бо "народнае апалчэнне" ствараецца толькі з лаяльных рэжыму Аляксандра Лукашэнкі людзей.
Мінабароны, якое цытуе словы Ісачэнкі, не ўдакладняе, хто можа напасці на РБ і супраць каго збіраюцца партызаніць "апалчэнцы". Раней удзельнікі "народнага апалчэння" ў Лунінецкім раёне казалі, што рыхтуюцца да вайны з... NATO.
Атрады "народнага апалчэння" ствараюць у Беларусі з 2022 года. Мяркуецца, што ў іх будуць толькі добраахвотнікі (нярэдка былыя міліцыянеры і вайскоўцы), якім давядзецца дапамагаць міліцыі і войску ў змаганні з "дыверсантамі" і "незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі". Аднак, улічваючы нязначную колькасць лаяльных рэжыму грамадзян, гэтыя атрады не будуць шматлікія. Міністр абароны Віктар Хрэнін у траўні паабяцаў, што зброю атрымаюць толькі "свае" людзі.
На зборах у Асіповіцкім раёне адзін з атрадаў "народнага апалчэння" адпрацоўваў затрыманне групы не дыверсантаў (імі займалася тэрабарона), а марадзёраў, якія збіраліся абрабаваць вясковую краму і былі ўзброеныя аўтаматамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.