У Бабруйску рабаўнікі задушылі 80-гадовага пенсіянера
Упраўленне Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці расследуе забойства 80-гадовага пенсіянера, спалучанае з разбойным нападам. Здарэнне адбылося позна ўвечары 26 сакавіка ў доме галоўнага бухгалтара адной з прыватных фірм. Туды гвалтам і з прымяненнем нажа ўварваліся двое незнаёмцаў, звязалі скотчам гаспадыню, а затым збілі і задушылі яе старога бацьку. Рабаўнікі забралі грошы і матэрыяльныя каштоўнасці на агульную суму ў 600 мільёнаў рублёў, пасля чаго збеглі.
Хоць пацярпелая і была звязаная, яна змагла паведаміць пра здарэнне ў міліцыю. На месца выехала следча-аператыўная група. Сабраныя там рэчыўныя доказы вывучаюць следчыя. Распачатая крымінальная справа па факце забойства асобы сталага веку, спалучанага з разбоем, здзейсненым групай асобаў (арт. 139 ч. 2 п.п. 2,12,15 Крымінальнага кодэксу), паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.
Падазраваныя ў здзяйсненні злачынства не выяўленыя, іх шукаюць.