У Бабруйску ўведзены абавязковы масачны рэжым

У Бабруйску ўведзены абавязковы масачны рэжым

У Бабруйску ўведзены абавязковы масачны рэжым, паведамляе komkur.info са спасылкай на галоўнага санітарнага лекара горада Дзмітрыя Лайтэра. Такое рашэнне 19 чэрвеня прынялі гарадскія ўлады. У грамадскіх месцах (у крамах, банках, аптэках, на поштах, у грамадскім транспарце), дзе "немагчыма забяспечыць сацыяльнае дыстанцыянаванне", трэба знаходзіцца ў ахоўных масках. Па словах Лайтэра, прадугледжаны і іншыя меры прафілактыкі вірусных інфекцый.

Рашэнне Бабруйскага гарвыканкама дзейнічае ўжо з 19 чэрвеня. Дакумент прадугледжвае, што ў арганізацыях і ўстановах горада мусіць быць забяспечана змена выкарыстаных масак кожныя 2-3 гадзіны. Уводзіцца абмежаванне колькасці наведвальнікаў, якія адначасова знаходзяцца ў памяшканнях аптэк, паштовых аддзяленняў, крамаў і г. д.

Як паведаміў галоўны санітарны лекар горада bobruisk.ru, абавязковы масачны рэжым уводзіцца з-за новых выпадкаў каранавіруснай інфекцыі, якія фіксуюцца штодня. Ён мусіць дапамагчы спыніць распаўсюд COVID-19. У бліжэйшы час рашэнне гарвыканкама з'явіцца на яго сайце.

Раней на Магілёўшчыне абавязковы масачны рэжым уводзіўся ў Кіраўскім і Бялыніцкім раёнах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі