У Бабруйску з пісталета расстралялі тралейбус, пацярпела кантралёр
Хулігана затрымалі. Раней ён трапляў за краты за крадзёж і незаконны абарот наркатычных сродкаў.
У Бабруйску 28 сакавіка хуліган з пнеўматычнага пісталета расстраляў тралейбус. 17-гадовы хлопец зрабіў тры стрэлы, якія пашкодзілі шкло. У выніку, 54-гадовая жанчына-кантралёр атрымала цялесныя пашкоджанні (у яе трапілі аскепкі шкла).
Як піша "Коммерческий курьер", перад гэтым малады чалавекам з сябрам ехаў у гэтым тралейбусе. Калі ўвайшла кантралёр і запатрабавала аплаціць праезд, яны не заплацілі. Выходзячы на прыпынку зламыснік сказаў: "Расстрэльваць такіх трэба". Неўзабаве і прагучалі стрэлы.
Міліцыя хутка затрымала хулігана і яго сябра. Перад гэтым іх спрабавалі затрымаць кіроўца і кантралёры, але хлопцы... адстрэльваліся.
Вядома, што "стралок" раней быў асуджаны за крадзёж і незаконны абарот наркотыкаў. За стральбу па тралейбусе і людзях яму пагражае ад 7 да 10 гадоў пазбаўлення волі.
Дарэчы, 27 сакавіка ў Бабруйску быў абстраляны маршрутны аўтобус. Было разбітае шкло, аднак ніхто не пацярпеў. Высветлілася, што страляў 18-гадовы хлопец, прычым з таго ж пнеўматычнага пісталета, з якога на наступны дзень быў абстраляны тралейбус. Яго затрымалі.
Здымак з архіву. Фота: Fotolia