У бальніцах адмаўляюцца лячыць замежнымі лекамі, прынесенымі пацыентамі?

У інтэрнэце з’явіліся абураныя допісы пра тое, што пацыентам ў шпіталях не дазваляюць карыстацца замежнымі лекамі, набытымі за свае грошы.
Днямі ў інтэрнэце адна жанчына распавяла гісторыю пра тое, як яе блізкага сваяка лячылі ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры анкалогіі ў Бараўлянах. Паводле яе словаў, усе прэпараты, якімі карысталіся дактары, былі айчыннай вытворчасці. Але на пытанне жанчыны, ці можа яна набыць і прынесці неабходныя лекі замежнай вытворчасц, ёй нібыта адказалі катэгарычнай адмовай — матывуючы тым, што ў шпіталі мусяць карыстацца сваімі лекамі і абавязкова беларускімі.

Як высветліла Еўрарадыё, выпадкі, калі пацыентам шпіталя дактары не дазваляюць самім прыносіць замежныя лекі і адмаўляюцца іх прымяняць, сапраўды практыкуюцца ў айчыннай медыцыне. Пра гэта расказала загадчыца аддзялення хіміятэрапіі Мінскага гарадскога клінічнага анкалагічнага дыспансера Ірына Паўля.

Ірына Паўля: “Гэта вельмі доўгае пытанне — чаму мы так робім, але такое магчыма. Гэта не нашая ініцыятыва. Гэта… магчыма. А больш ніякіх каментароў”.

Але як кажа дырэктар РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі Аркадзь Ларыёнаў, гэта не адпавядае рэчаіснасці.

Аркадзь Ларыёнаў: “Звычайна мы не адмаўляем пацыентам, калі яны прыносяць свае лекі, якія ў нас зарэгістраваныя і прымяняюцца ў рэспубліцы. Калі мы лічым, што яны сапраўды дапамагаюць і патрэбныя, то мы прымяняем іх. Але ў шэрагу выпадкаў гэты прэпарат можа быць шкодны пацыенту, але яны могуць настойваць на яго прымяненні. У такіх выпадках адмаўляе, безумоўна, доктар”.

У тым, што пацыенту не маглі адмовіць у прымяненні прынесеных ім замежных лекаў упэўніла Еўрарадыё і прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Вольга Шульпіна.

Вольга Шульпіна: “Не, натуральна. Вы самі ў гэта верыце?”

Нягледзячы на ўсю парадаксальнасць сітуацыі, даўно вядома аб праграме імпартазамяшчэння ў медыцыне. Існуе нават зацверджаны міністрам аховы здароўя спіс прэпаратаў, якія дактары ў паліклініках могуць выпісваць хворым паводле “льготных” рэцэптаў. І адхіліцца ад яго вельмі складана. Пра гэта Еўрарадыё расказаў Андрэй, хірург адной са сталічных лякарняў.

Андрэй: “Што тычыцца льготнікаў, то ў нас ёсць канкрэтны загад — што можна выпісваць, а што нельга. Таму там не паспрачаешся: фірмовае ці не фірмовае”.

Праўда, кажа кардыёлаг іншай мінскай бальніцы Вольга, здараюцца выпадкі, што прэпарат, які выпісваюць хвораму, выклікае ў яго алергію. І дапамагчы можа толькі замежны аналаг. Дабіцца, каб выпісалі яго, можна, але складана.

Вольга:
“Калі ў чалавека алергія, то можна яму выпісаць іншыя лекі. Але гэтая алергія павінна быць дакументальна пацверджана. Яму трэба звярнуцца ці да алерголага, ці да дэрматолага. Можна зрабіць пробу з гэтым лекам. І калі ў яго будзе папера, дзе будзе пацверджана, што ў яго ёсць алергія на гэты лек, то яму выпішуць іншы. Пасля пэўнай працэдуры — кансіліуму. І праз кансіліум выпісваецца аналагічны прэпарат, які ён добра пераносіць”.

Рашэнне кансіліуму павінны падпісаць загадчык аддзялення, памочнік галоўнага доктара і лекар. Ды і замежны прэпарат мусіць быць з дадатковага спісу, зацверджанага ў міністэрстве, кажа хірург.

Андрэй:
“Фірменны аналаг выпішуць, калі ён ёсць у дадатках да асноўнага спісу. Ёсць асноўны спіс, што выпісваць, а калі раптам алергія, то ёсць пэўныя дапушчэнні: аналагі, якія можна выпісваць у выглядзе выключэння”.

Нават калі вам выпісваюць лекі, якія вы будзе аплачваць самі, то выпішуць найперш беларускія. Калі ж, кажа хірург, пацыент папросіць даць яму замежны аналаг, то доктар мусіць напісаць тлумачэнні ў картцы — чаму ён гэта зрабіў.

Андрэй: “Выпісваецца па змаўчанні, безумоўна, беларускае ў першую чаргу. Але калі чалавек кажа, што ў яго на гэты прэпарат алергія ці яму гэты прэпарат не дапамагае, а дапамагае толькі фірмовы, тады пішам у картцы, што ў пацыента на гэты прэпарат алергія і рэкамендуецца аналагічны толькі замежнай вытворчасці”.

Ёсць згаданыя спісы і рэкамендацыі прапаноўваць перш за ўсё айчынныя лекі, кажуць дактары, і ў кожнай аптэцы. Але калі, адзначаюць медыкі, у камерцыйнай аптэцы вам могуць патлумачыць, чым адрозніваюцца прэпараты ад розных вытворцаў з розных краін, то ў дзяржаўных часцей рэкамендуюць беларускія лекі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі