У Баранавічах затрымалі актывіста з чыстым аркушам паперы (фота)
У Баранавічах міліцыя затрымала актывіста з чыстым лістом паперы ў руках. Невялікая група пратэстоўцаў прыкладна з 10 чалавек выйшла 1 траўня ў цэнтр горада, каб выказаць сваю салідарнасць з працоўнымі, правы якіх парушаюцца. Як паведамляе Intex-press, адным з патрабаванняў удзельнікаў акцыі было правядзенне сумленных і справядлівых выбараў.
Яны мелі трымаць у руках аркушы белай паперы, як сімвал таго, што ўсё трэба пачынаць з “чыстага аркуша”, але пабаяліся затрыманняў і не сталі даставаць гэтыя “атрыбуты”. Адзін мужчына ўсё ж дастаў аркуш і яго затрымала міліцыя. Праваахоўнікаў, дарэчы, было вельмі шмат.
Прэвентыўныя затрыманні адбываюцца ў розных рэгіёнах Беларусі, у тым ліку ў Гомелі, дзе дазволілі акцыю на 1 траўня. Затрыманыя журналісты Яўген Меркіс і Марына Драбышэўская. Блогера Максіма Філіповіча, які адседзеў на “сутках” некалькі тэрмінаў запар, пільнуе міліцыя.