У Беларусі адкрылі новае радовішча нафты
Здабычу там пачне вытворчае аб'яднанне "Беларуснафта".
Новае радовішча нафты адкрылі ў Беларусі. Пра гэта на прэс-канферэнцыі 26 жніўня паведаміў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Каўхута.
Як перадае БелаПАН, гэта Шацілкаўскае радовішча ў Прыпяцкім прагіне. Па словах міністра, запасы нафты там значныя, аднак больш дакладна аб'ёмы ацэняць спецыялісты. Радовішча перададуць ВА "Беларуснафта", якое і будзе займацца здабычай.
Разам з тым міністр падкрэсліў, што пакуль рана, быццам Беларусь зможа цалкам забяспечыць свае патрэбы ўласнай нафтай. Штогод у краіне здабываецца 1,6 млн тон нафты.
Дарэчы, Аляксандр Лукашэнка неаднаразова казаў, што ў Беларусі трэба шукаць радовішчы нафты. Напрыклад, падчас штогадовага паслання да народа і парламента ў красавіку 2011 года, ён заявіў: "Калі шчыра казаць, то я падазраю аб тым, што мы не тое што мала ведаем пра тое, што ў нас ёсць там, хоць і сёе-тое ведаем. Я падазраю, што мы не вельмі варушымся, каб паглядзець, што ў нас там ёсць. Мне здаецца, што ўсё ж такі нафта ў нас дзесьці ёсць. Але калі ёсць нафта, мне здаецца, не можа быць, каб дзесьці не прарвала прыродным газам".
30 ліпеня 2015 года падчас даклада Каўхуты Лукашэнка запатрабаваў больш актыўна весці разведку карысных выкапняў.
Лукашэнка: Мне падаецца, што нафта ў нас недзе ёсць
Лукашэнка шкадуе, што пры СССР выпампавалі ўсю беларускую нафту
Фота: tsn.ua