У Беларусі да 6 красавіка абмяжоўваюць міжнародныя масавыя мерапрыемствы
У рамках барацьбы з распаўсюдам каранавіруса ў Беларусі да 6 красавіка абмяжоўваюць усе культурна-масавыя, спартовыя і навуковыя мерапрыемствы з міжнародным удзелам. Такое рашэнне было прынятае 12 сакавіка на спецыяльнай нарадзе ў Савеце міністраў, паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.
"Дазвол на правядзенне астатніх масавых мерапрыемстваў будзе выдавацца пасля ацэнкі наяўнасці ўмоў для іх правядзення. Асноўная задача — без рызыкі для тых, хто сабраўся!" — папярэджваюць у Мінздароўя.
Таксама ведамства з сённяшняга дня праводзіць маніторынг месцаў агульнага збору грамадзян. Спецыялісты будуць правяраць, ці правільна працуюць вентыляцыйныя шахты, ці ёсць у наяўнасці антысептыкі і ці датрымоўваюцца іншыя санітарныя нормы.
Паводле апошніх звестак, каранавірус выяўлены ў Беларусі у 21 чалавека.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.