У Беларусі хочуць спыніць выпадкі неабгрунтаванага павышэння заробкаў
У Беларусі хочуць спыніць выпадкі неабгрунтаванага павышэння заробкаў на дзяржаўных прадпрыемствах. Такое даручэнне 17 траўня на пасяджэнні Саўміна даў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў.
Як інфармуе БЕЛТА, урад сёння разглядаў вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў першым квартале 2016-га. Кабякоў у сваім выступленні адзначыў, што шэраг дзяржпрадпрыемстваў, якім аказваецца падтрымка, "за кошт росту коштаў спрабуюць паправіць сваю эканоміку, не зніжаючы выдаткі".
У той час, калі фіксаваўся некаторы попыт на прадукцыю згаданых прадпрыемстваў, яны "актыўна сталі павялічваць заработную плату, што катэгарычна няправільна", падкрэсліў прэм'ер. Ён гаварыў пра тое, што калі б заробкі павялічваліся на падставе рынкавых вынікаў працы, то пытанняў ніякіх не было. Аднак гэта не так. Заводы і фабрыкі па-ранейшаму выжываюць за кошт дзяржаўнай падтрымкі. Андрэй Кабякоў нагадаў, што ў бюджэтнай сферы ў нашай краіне ўстаноўленыя жорсткія нарматывы па зарплаце.