У Беларусі маюць намер і далей "жорстка кантраляваць" кошты

У магазіне

У магазіне / БЕЛТА

У Беларусі плануюць захаваць жорсткае рэгуляванне цэн, заявіў у эфіры АНТ міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў. Ён адзначыў, што зніжэнне гадавой інфляцыі да 2,3% у жніўні звязана з сур'ёзным скарачэннем коштаў на плодаагароднінную прадукцыю. Але гэта сезоннае зніжэнне. Таму, паводле яго, расслабляцца не варта.

"Сезоннасць, яна ўплывае то ўверх, то ўніз. Ну і, вядома, сітуацыя з рублём расійскім, дзе мы асноўную частку тавараў імпартуем, яна таксама мае свой уплыў на рост коштаў. Таму мы трымаем руку на пульсе і яго аслабляць не маем намеру", – сказаў ён. Багданаў таксама распавёў, што з пачатку года міністэрства гандлю выявіла 553 парушэнні існуючага парадку цэнавага рэгулявання. У бюджэт было сабрана штрафаў на амаль 750 тыс. рублёў. Па словах міністра, дзяржорганы сочаць нават за тарыфамі, якія афіцыйна не рэгулююцца. У прыклад ён прывёў сітуацыю з мабільнымі аператарамі, якія вясной паспрабавалі ўвесці новыя планы, дзе па-іншаму разлічвалі кошт хвілін і гігабайтаў.

"Мы ўлавілі гэтую хітрасць і сказалі: "Не, тут гэтага рабіць нельга", — заявіў Багданаў. На спробы падняць цэны на паслугі, якія не рэгулююцца, звярнуў увагу Камітэт дзяржкантролю. І гэта пры тым, што рэнтабельнасць, на думку Багданава, у аператараў мабільнай сувязі высокая. “Было прынята рашэнне, што і там таксама дзейнічаць такім чынам не варта. Не перагінаць палку. І там таксама было прынята рашэнне не павышаць кошт гэтых паслуг, – распавёў міністр.

Пастанова "Аб сістэме рэгулявання коштаў" была прынятая ў кастрычніку 2022 года, пасля таго як Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў спыніць рост коштаў. У наступным нормы пастановы пераглядаліся. Пералік тавараў, цэны на якія рэгулююць, трохі скарацілі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі