Саўмін скарэктаваў сістэму рэгулявання цэн
Са спісу тавараў, цэны на якія рэгулююць, знікла мытая бульба/ pixabay.com
У сістэму рэгулявання цэн, якая дзейнічае ў Беларусі, унеслі змены. "Ключавая задача змяненняў — стварэнне ўмоў для прасоўвання на ўнутраным рынку тавараў айчыннай вытворчасці", патлумачылі ва ўрадзе.
Прынятыя нормы накіраваны на "выраўноўванне ўмоў рэалізацыі айчынных і імпартных тавараў у рознічным гандлі". Чыноўнікі мяркуюць, што прынятыя змены павінны павысіць зацікаўленасць рознічнага гандлю ў продажы менавіта айчынных тавараў і знізіць даходнасць ад продажу імпарту. Вытворцам стане прасцей узгадняць адпускныя цэны на новыя спажывецкія тавары — да 20% павялічваецца норма рэнтабельнасці, пры якой не трэба ўзгадняць ўстанаўлення гэтага кошту. У пастанове ёсць і шэраг іншых мер.
Скарэкціраваны таксама і пералік спажывецкіх тавараў, на якія распаўсюджваецца цэнавае рэгуляванне. Ва ўрадзе гэтую карэкціроўку назвалі "нязначнай". З пераліку, у прыватнасці, зніклі сыры з цвіллю і вэнджаныя, ялавічны фарш, а таксама некаторыя гатункі рыбы (ласосевых, асятровых, тунцовых парод), мытыя бульба, морква і буракі, грэчка і рыс у варачных пакетах, а таксама шэраг іншых прадуктаў і нехарчовых тавараў.
Пастанова ўрада з новымі правіламі рэгулявання цэнаўтварэння ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання. Дакумент ужо з'явіўся на Нацыянальным прававым партале.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.